viasna on patreon

"Невінаватыя людзі вымушаныя звяртацца да дыктатара з просьбай выпусціць іх на волю". Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні

2024 2024-08-23T17:08:23+0300 2024-08-23T17:08:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/20211022_mn_sapelka-6176.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У беларускіх калоніях і турмах палітвязні, асуджаныя паводле адвольных абвінавачванняў, сутыкаюцца з дадатковым ціскам: іх прымушаюць прызнаваць віну за злачынствы, якіх яны не здзяйснялі. Тым не менш, гэта прызнанне — не больш чым інструмент прапаганды і ціску, які цынічна выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі для ўмацавання сваёй улады і знішчэння любых праяў іншадумства. "Прызнанне віны" з'яўляецца ўмовай для палітвязняў для таго, каб выйсці на волю раней за тэрмін, у прыватнасці па памілаванні. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Павел Сапелко
Павел Сапелка

Для чаго ў месцах несвабоды прымушаюць палітвязняў прызнаць віну?

Як адзначае праваабаронца, рэжым Лукашэнкі ў беларускіх месцах несвабоды стварае невыносныя ўмовы для адвольна асуджаных паводле палітычных матываў.

"Што значыць адвольна? У першую чаргу тое, што гэтыя людзі асуджаныя без віны, яны не здзяйснялі дзеянняў, якія ў дэмакратычных дзяржавах, што паважаюць права і прававыя інстытуты, прызнаваліся б злачынствамі і, тым больш, караліся пазбаўленнем волі. Апроч іншага, рэжым цалкам адрэзаў палітвязняў ад любых варыянтаў прадугледжанага законам датэрміновага вызвалення – у парадку замены на больш мяккае пакаранне, умоўна-датэрмінова або ў парадку амністыі".

"Побыт наладжаны так, што "правапарушэнне" можа нагнаць у любы момант". Чаму палітвязні не маюць магчымасці датэрмінова вызваліцца

Разбіраемся з былымі палітвязнямі і праваабаронцамі, чаму для палітвязняў ніводная з опцый вызваліцца раней за тэрмін не працуе і як наладжаная гэтая рэпрэсіўная схема ў пенітэнцыярнай сістэме.

Адзіны варыянт раней за тэрмін выйсці на волю – просьба аб памілаванні.

"Аднак і гэта ў Беларусі цынічна эксплуатуецца ўладамі ў нізкіх ды прапагандысцкіх мэтах: невінаватыя людзі вымушаныя звяртацца да дыктатара з просьбай выпусціць іх на волю".

Заканадаўства (зноў жа – адвольна) вызначае правіла аб асабістым звароце асуджанага, а таксама змяшчае норму аб тым, што пры разглядзе хадайніцтваў аб памілаванні прымаюцца да ўвагі характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, асоба асуджанага і стаўленне да зробленага, яго паводзіны, стаўленне да працы (вучобы), удзел у працы самадзейных арганізацый у месцах пазбаўлення волі, тэрмін адбытага пакарання, пакрыццё маёмаснай і маральнай шкоды, нанесенай злачынствам, выплата даходу, атрыманага злачынным шляхам, наяўнасць асабістых паручальніцтваў і заключэння паводле іх органаў унутраных спраў, іншыя вартыя ўвагі абставіны.

"Як бачым, пра прызнанне віны тут нічога няма, але адначасова ўлічваецца і "меркаванне адміністрацыі папраўчай установы альбо іншага органа, які выконвае пакаранне ці іншыя меры крымінальнай адказнасці", а менавіта гэтыя органы разам са спецслужбамі вымагаюць прызнанне ў асуджаных – прама або праз стварэнне згаданых невыносных умоў", – звяртае ўвагу Павел Сапелка.

Дарэчы, у абноўленым Крымінальна-выканаўчым кодэксе прызнанне віны – гэта крытэр, па якім адміністрацыя папраўчай установы атэстуе асуджанага.

"Простае самавольства", – юрыст "Вясны" пра новыя змены ў калоніях

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў новы закон і распавёў, якія змены чакаюць асуджаных да пазбаўлення волі, пра магчымасць гадзінных спатканняў па відэазванку, схіленне да прызнання віны і адыёзныя змены, якія абмяжоўваюць жанчын у атрыманні пракладак.

"Такім чынам, палітвязні вымушаныя прызнаваць віну ў тым, чаго не здзяйснялі – часта нават тыя, якія ў судовым пасяджэнні віну не прызнавалі, упісваючы гэтыя прызнанні ў дакументы, якія афармляюцца ў калоніі і ў заявы на памілаванне.

Пакуль мы не можам сказаць, якія абавязкі накладзеныя на вызваленых у парадку памілавання – а гэта могуць быць розныя варыянты, адным з відаў памілавання з'яўляецца замена на больш мяккае пакаранне, напрыклад. У любым выпадку, вызваленыя трапяць пад прафілактычнае назіранне, а іх правы і свабоды будуць абмежаваныя", – адзначае Павел Сапелка.

Ці ўплывае прызнанне віны на рэабілітацыю палітвязняў?

Што ж тычыцца пытання рэабілітацыі палітвязняў, то па словах праваабаронцы, яно цяпер не стаіць так востра, як пытанне вызвалення:

"У людзей стала менш аптымізму, рэжым выстаяў і аднаўленне справядлівасці адкладзена. Тым не менш, аб'ектыўная рэальнасць такая: рэабілітацыя бязвінна асуджаных і пакрыццё ім шкоды безумоўна адбудзецца, і на гэтыя працэсы не будуць уплываць суб'ектыўныя складнікі: прызнанне або непрызнанне віны абвінавачанымі, асабліва калі яны зробленыя пад уплывам катаванняў ды іншых відаў забароненага абыходжання".

Павел Сапелка спасылаецца на артыкул 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных свабодах:

"Калі якая-небудзь асоба канчатковым рашэннем была асуджаная за крымінальнае злачынства і калі вынесены ёй прысуд быў пасля адменены або ёй было падараванае памілаванне на той падставе, што якая-небудзь новая ці зноў выяўленая акалічнасць бясспрэчна даказвае наяўнасць судовай памылкі, то гэтая асоба, якая панесла пакаранне ў выніку такога асуджэння, атрымлівае кампенсацыю згодна з законам, калі не будзе даказана, што азначанае невядомая акалічнасць не была ў свой час выяўленая выключна або збольшага па яго віне.

Апошняя агаворка не мусіць уводзіць у зман: гаворка ў Пакце ідзе менавіта пра свядомы самаагавор. У беларускім Крымінальна-працэсуальным кодэксе з гэтай нагоды пазначана: "Калі асоба добраахвотна агаварыла сябе ў здзяйсненні злачынства". Таму выказванне абвінавачаным згоды з абвінавачваннем у частцы кваліфікацыі дзеянняў да гэтага дакладна не адносіцца".

І, тым больш, не ўплываюць на пытанні рэабілітацыі любыя формы "прызнання віны" пасля набыцця моцы прысудам, па-за працэсам правасуддзя – у калоніях і камісіі па памілаванні, дадае праваабаронца.

"Варта нагадаць, што нават у Савецкім саюзе і пасля яго распаду ў постсавецкіх дзяржавах рашэнні аб рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій прымаліся без уліку прызнання віны, на падставе аб'ектыўна недастатковых або адсутных доказаў віны.

Нарэшце, важным будзе сказаць, што праваабаронцаў гэтыя зафіксаваныя "прызнанні" цікавяць толькі ў адной якасці: у якасці доказаў здзяйснення злачынстваў ды іншых грубых парушэнняў правоў чалавека памагатымі рэжыму ў дачыненні да палітвязняў ды іншых рэпрэсаваных".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства