viasna on patreon

"45 – добрая лічба. Ужо позна памерці маладым": у Пінску пайшла з жыцця вядомая актывістка Вераніка Іванова

2024 2024-08-26T09:03:00+0300 2024-08-26T09:13:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ivanova-veranika.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вераніка Іванова. Фота з сацыяльных сетак.

Вераніка Іванова. Фота з сацыяльных сетак.

У адной з бальніц Пінска заўчасна памёрла вядомая грамадская актывістка, абаронца правоў Вераніка Іванова, паведамілі «Позірку» яе знаёмыя. Ёй было 45 год.

Прычына смерці невядомая. Паводле звестак, атрыманых выданнем, у апошні час здароўе ў праваабаронцы пагоршылася, яна хварэла і неаднаразова трапляла ў шпіталь.

«На гэта, безумоўна, паўплываў і стрэс, звязаны з сённяшняй сітуацыяй у краіне», — адзначыў субяседнік выдання.

Вераніка Іванова — грамадская актывістка, юрыстка, лідарка Пінскай рэгіянальнай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Маці траіх дзяцей.

У 2020 годзе аказвала прававую дапамогу ўдзельнікам акцый пратэсту ў Пінску, кансультавала, пісала скаргі, займалася праваабарончай дзейнасцю, за што была затрыманая 8 разоў за год. Атрымала некалькі штрафаў і 15 сутак арышту. А ў 2021 годзе ў яе сілавікі зладзілі два ператрусы, канфіскаваўшы ноўтбук і носьбіты інфармацыі. Апошняе затрыманне адбылося на самым пачатку 2023 года. Згодна з пратаколам, жанчына «выклала фотаздымак, на якім адлюстравана экіпіроўка вайскоўца з вадзяным знакам у ніжнім левым кутку, назвай тэлеграм-каналу Полка Каліноўскага, які рашэннем МУС Беларусі прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем".

Апошні свой допіс Вераніка пакінула ў фэйсбуку ў свой дзень народзінаў, 23 ліпеня. Яна апублікавала верш Зоські Верас “Я не баюся” з сімвалічнымі радкамі:

Баюся жыці без ідэалу,

Бо ў чорнай пустцы сэрца б сканала...

Больш чым цялеснай баюся смерці –

душой памерці...

І яшчэ ад сябе дадала: “45 – добрая лічба. Ужо позна памерці маладым. Але цалкам рэальна перажыць гэтых ублюдкаў. Мая падзяка ўсім, хто са мной у гэтыя часы".

Праваабаронцы "Вясны" выказваюць спачуванне родным і блізкім Веранікі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства