viasna on patreon

Затрыманні за "экстрэмізм", лісты палітвязням, пратэсты: хроніка пераследу трэцяга верасня Дапоўнена

2024 2024-09-03T16:52:48+0300 2024-09-04T17:22:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/burshtyka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Бярозаўцы затрымалі дырэктарку бара «Столе»

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Прычына затрымання — "экстрэмізм". Паводле "Наша Нівы" затрыманую клічуць Дзіяна Бурштыка. Яна шматдзетная маці і дырэктарка бара «Столе». Паведамляецца, што разам з ёй затрымалі яшчэ некалькі супрацоўнікаў.


Сілавікі затрымалі актывіста беларускай дыяспары Масквы, які пісаў лісты палітвязням

Мужчына прыехаў з Масквы ў Беларусь, дзе яго затрымалі. На "пакаяльным" відэа мужчына кажа, што ён з'яўляецца ўдзельнікам групы "Беларусы Масквы", а таксама пісаў лісты палітвязнямі, "асуджаным за дзеянні, накіраваныя супраць дзейнай улады ў Беларусі".

Абноўлена. Беларускаядыяспара ў Маскве паведамляе, штоімя затрыманага — Дзмітрый Кашко.


Чарговае затрыманне за пратэсты

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра чарговае затрыманне мужчыны за пратэсты — гэтым разам, у Брэсце. Падкрэсліваецца, што ягоная жонка знаходзіцца на чацвёртым месяцы цяжарнасці.

На "пакаянным" відэа берасцеец прызнаецца, што знаходзіўся на праспекце Машэрава, зарэгістраваўся ў чат-боце "Перамога", а таксама адсылаў даныя ў "Голос".

Праўладныя каналы таксама публікуюць кадры, на якіх мужчыну жорстка затрымліваюць раніцай.


У Наваполацкай папраўчай калоніі № 1 ладзяць "дні расхламлення", калі ў вязняў адбіраюць рэчы на прымусовую ўтылізацыю

Стала вядома, што ў перапоўненай наваполацкай ПК-1 не хапае месца для захоўвання прадуктовых перадач і рэчаў асуджаных, таму адміністрацыя калоніі прымусова іх утылізуе. Пад знішчэнне рэчаў, што прыйшлі ў непрыдатнасць або "лішніх" рэчаў могуць патрапіць амаль новыя тапкі, абутак для спорту, зменныя спартыўныя касцюмы ручнікі і г. д.

Адзначым, што паводле закона, сваякі з часам маюць права забраць рэчы, адміністрацыя афармляе менавіта іх утылізацыю, а не адпраўку на захоўванне. Як адзначаюць былыя вязні ПК-1, атрыманне рэчавай перадачы ў калоніі не заўсёды азначае карыстанне перададзенымі па вопісу прадметамі.


Папаўненне ў спісе “экстрэмісцкіх” матэрыялаў

Тэлеграм-чат “Беларускамоўныя” прызналі "экстрэмісцкім”, вынікае з абноўленага спісу на сайце Мінінфарма. Пра гэта паведамляе “Медыязона”. У чаце 170 чалавек. Правіламі пабліка забараняецца размаўляць на якой-небудзь іншай мове, акрамя беларускай.

Акрамя чату, спіс "экстрэмісцкіх" матэрыялаў папоўнілі:

— акаўнты ў цікток: politikan_n, mirekly, belarus0.1, grodnanews;

— каналы ў тэлеграм "Katolik_life. Неафіцыйнае”, DOXA, Avtozak LIVE; “Беларусь Telegram Чат".

— ютуб-канал і старонка ў інстаграм службы “Одно окно”.


Сілавікі затрымалі сямейную пару з Кобрына за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе

Следчыя завялі крымінальную справу на сямейную пару з Кобрына за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Мужчыну і жанчыну абвінавачваюць па артыкуле аб грубым парушэнні парадку (ч. 1 арт. 342 КК), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, 10 жніўня 2020 года ў Кобрыне 22-гадовая беларуска са сваім разам з 29-гадовым мужам выйшла на пратэсты. Следчыя ўстанавілі, што "дзяўчына з бутэлькай піва ў руцэ ў першых шэрагах паказвала сілавікам непрыстойныя жэсты, а яе муж прыспусціў штаны і дэманстраваў аголеныя ягадзіцы".

Сямейную пару затрымалі і цяпер абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай.

Пазней стала вядома, што гэта Вячаслаў Беразавец і Таццяна Данілюк. Следчы камітэт адзначае, што на волі ў пары засталося трое малалетніх дзяцей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства