Больш за 30 палітвязняў у жніўні цалкам адбылі тэрміны, яшчэ 22 — памілавалі
На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1372 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію"), ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Акрамя гэтага, за апошнія два месяцы беларускія ўлады пачалі вызваляць з месцаў наволі палітвязняў па памілаванні. Па даных "Вясны", у жніўні на волю выйшлі мінімум 53 чалавекі: 31 цалкам адбыў тэрмін, з якіх толькі адна жанчына, а 22 чалавекі былі памілаваныя. За што палітвязні адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце.
Публікуем гісторыі некаторых з іх.
Палітвязень Максім Ражкоў — 2 гады, 10 месяцаў і 23 дні ў зняволенні
Гамельчука затрымалі 29 верасня 2021 года ў межах крымінальнай справы, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Палітзняволенага абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы). Яго асудзілі да трох з паловай гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Тэрмін Максім адбываў у віцебскай калоніі № 3. 21 жніўня ён выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну. Вядома, што Максім мае інваліднасць другой групы.
Палітвязень Яўген Харашкевіч — 3 гады, 6 месяцаў і 30 дзён у зняволенні
Яўгена затрымалі 18 студзеня 2021 у Наваполацку. Яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Суд над Харашкевічам праходзіў у закрытым рэжыме. Віцебскі абласны суд 16 верасня 2021 года асудзіў палітвязня да чатырох гадоў калоніі.
Спачатку палітвязень адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17, дзе яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. У жніўні 2022 года Яўгену ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмный рэжым у гродзенскую турму № 1. 17 жніўня палітвязень выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну.
Палітвязень Аляксей Ільінчык — 2 гады і 13 дзён у зняволенні
Аляксей — гомельскі бард і музыкант. Яго абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі.
За час знаходжання ў СІЗА-3 і ў папраўчай калоніі здароўе Аляксея пагоршылася. Правая рука ў яго амаль не дзейнічала, быў парушаны маўленчы апарат, таму размаўляў ён з цяжкасцю. Пісаць самастойна лісты ён таксама не мог.Як стала вядома "Гомельскай Вясне", Аляксей цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю 31 жніўня.
Палітвязень Сяргей Дубік — 2 гады, 10 месяцаў і 7 дзён у зняволенні
У студзені 2022 года суд Іванаўскага раёна прызнаў палітвязня вінаватым адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 188 (паклёп) за паведамленні, рэпосты і фотаздымкі ва «Укантакце».
Дубіку прысудзілі тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 20 жніўня палітвязень выйшаў на волю з бабруйскай калоніі № 2.
Палітвязень Дзмітрый Гарбуноў — 1 год, 6 месяцаў і 28 дзён у зняволенні
Брэсцкага блогера і актывіста асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марыя Аліфярук прызначыла Дзмітрыю адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма.
Дзмітрыя абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў інтэрнэт-каментар са словам "мудзіла" пад фотаздымкам лідскага міліцыянта Антона Каціла. Пра Кацілу пісалі, што ён браў удзел у затрыманні Вітольда Ашурка. Тэрмін палітвязень адбываў у аршанскай калоніі № 8.
Палітвязень Аляксандр Дураеў — 2 гады, 7 месяцаў і 6 дзён у зняволенні
Суд над стаматолагам-артапедам медыка-санітарнай часткі «Гродна Азот» Аляксандрам Дураевым адбыўся ўвесну 2022 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за каментары.
У кастрычніку 2022 года суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызначыў палітвязню пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Аляксандр адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17. Выйшаў на волю 12 жніўня па заканчэнні тэрміну.
Палітвязень Аляксей Кірэеў — 1 год, 9 месяцаў і 23 дні ў зняволенні
Суд Савецкага раёна Мінска ў лютым 2023 года асудзіў Аляксея да двух гадоў калоніі, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Воўк.
Вядома, што Аляксей удзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, адна з іх адбывалася 27 верасня, затрымліваўся ад пачатку выбарчай кампаніі каля дзесяці разоў, тройчы быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі на тэрміны ад пяці да 15 сутак. Пакаранне адбываў у магілёўскай калоніі № 15.
Палітвязень Алег Буйкевіч — 2 гады, 8 месяцаў і 2 дні ў зняволенні
Алега ў лістападзе 2021 года асудзілі па арт. 342 КК за ўдзел ў акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года на праспекце Пераможцаў у Мінску. Ён нібыта выкрыкваў лозунгі, блакаваў дарогу "счэпкай" з іншымі пратэстоўцамі. Суд пакараў Алега трыма гадамі «хіміі».
Палітзняволены ў снежні 2021 года быў накіраваны ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №7, адкуль выйшаў на волю 20 жніўня.
Больш за 20 палітвязняў выйшлі на волю па памілаванні
16 жніўня Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаванні 30 палітзняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, а некаторыя з іх маюць сур'ёзныя захворванні. Праз некалькі дзён з калоній па памілаванні пачалі выходзіць палітзняволеныя. Па стане на 26 жніўня праваабаронцам "Вясны" вядомыя прозвішчы 22 вызваленых палітвязняў, 13 з якіх — жанчыны, дзевяць — мужчыны.
Больш за 20 палітвязняў выйшлі на волю па памілаванні, сярод іх — Ксенія Луцкіна і Васіль Бераснеў
Палітзняволеная Ксенія Луцкіна — 3 гады, 7 месяцаў і 29 дзён у зняволенні
Былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі асудзілі да восем гадоў калоніі. Да жніўня 2020 года Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, а пасля выбараў яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу і сышла з пазіцыі карэспандэнта. Ксенію абвінавацілі ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады.
У зняволенні ў жанчыны, пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Дома журналістку чакаў непаўнагадовы сын.
Палітвязень Васіль Бераснеў — 2 гады, 4 месяцы і 1 дзень у зняволенні
Васіль — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Суддзя Анастасія Папко прызначыла яму дзевяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: ён пакутаваў ад боляў у адзінай нырцы. Сітуацыя была настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мела сэнсу, патрэбна была перасадка ныркі.
Палітвязень Павел Кучынскі — 2 гады, 6 месяцаў і 25 дзён у зняволенні
Палітзняволены маладзечанец мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымлівалі ў зняволенні больш за два гады.
У чэрвені пазамінулага года яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі паменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Пры гэтым замена пакарання, на не звязанае з пазбаўленнем волі, судом не разглядалася. У жніўні юрысты "Вясны", занепакоеныя станам здароўя Паўла, падрыхтавалі і накіравалі зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.
Палітзняволеная Ала Зуева — 1 год, 2 месяцы і 1 дзень у зняволенні
Хворую на анкалогію пенсіянерку затрымалі ў чэрвені 2023 года. Яе асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі па двух дыфамацыйных артыкулах. У Алы лейкоз крыві, пры вынясенні прысуду суд гэта да ўвагі не прыняў.