viasna on patreon

Патрабуем рэабілітацыі 19 былых палітычных зняволеных

2024 2024-09-06T14:22:00+0300 2024-09-06T15:20:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/silavik_89.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

6 верасня 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, атрымаўшы, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю пра крымінальны пераслед уладамі Беларусі іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў падчас і пасля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, практыку вынясення і выканання прысудаў у дачыненні да іх, прававое становішча асуджаных паводле так званых "экстрэмісцкіх" артыкулаў Крымінальнага кодэкса, адзначаем наступнае:

Гарантаваная свабода мірных сходаў і асацыяцый, а таксама кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання: гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць любую інфармацыю ды ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі згодна з уласным выбарам; у сферу ўжывання гэтага пункта ўключаная нават такая форма выказвання меркаванняў, якая можа разглядацца як глыбока абразлівая, але пры гэтым яе выкарыстанне можа падпадаць толькі пад абмежаванні, вызначаныя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.

Тым не менш, калі дзяржава-ўдзельніца Пакта вызначае абмежаванні на ажыццяўленне правоў і свабод, гэтыя абмежаванні не мусяць ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права.

Аднак улады Беларусі адвольна заключалі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць пераследваць у крымінальным і адміністрацыйным парадку за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за абразу А. Лукашэнкі, суддзяў, службовых асоб, паклёп на А. Лукашэнку і службовых асоб; за здзек з дзяржаўных сімвалаў, хуліганства і вандалізм, за ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, за падтрымку пратэсных ініцыятываў ды інш. Пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні фігурантаў такіх спраў палітычнымі зняволенымі.

Улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна пераследваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, уціскаючы іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі многія з пратэстоўцаў ды іншадумцаў у той час, калі яны былі пазбаўленыя волі, і сабраныя звесткі пра асуджаных да розных відаў пакарання, звязаных і не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да якіх часта абіралася мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту або хатняга арышту.

У адпаведнасці з прынятым праваабарончай супольнасцю Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычны зняволены – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз яго палітычныя, рэлігійныя ці іншыя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў ды інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • в) пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз негвалтоўную дзейнасць, накіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;
  • с) пазбаўленне волі было ўжытае выключна паводле прыкметы полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сексуальнай арыентацыі ды гендарнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметаў альбо зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.

Асуджаныя і зняволеныя пад варту выключна за выказванне меркавання без прыкметаў наўпроставых заклікаў да гвалту або несімвалічнаму знішчэнню маёмасці, не звязанае з несімвалічным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці ў мэтах выказвання меркавання, а таксама за ўдзел у мірных сходах цалкам і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у перыяд пазбаўлення іх волі. Іх вызваленне з-пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прысудаў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі ім нанесенай адвольным асуджэннем шкоды.

Нам вядомыя імёны і абставіны спраў наступных людзей, якія ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў былі пазбаўленыя волі: заключаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да працяглага адміністрацыйнага арышту, да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а ў цяперашні час вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды: Уладзіслаў Фёдараў, Надзея Пташынская, Дзяніс Котаў, Святлана Котава, Валерый Іўчын, Міхаіл Пішчала, Андрэй Сямчук, Таццяна Палонская, Аляксей Палюховіч, Наталля Харытонава-Крыжэвіч, Андрэй Савін, Рамуальда Дэкола, Павел Цімашэнка, Уладзімір Матырка, Таццяна Мініна, Ганна Мароз, Сяргей Мыц, Валерый Нямкевіч, Ігар Несцяровіч.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоды выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ды іншых грамадска-значных падзей.

У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладнага перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі, а таксама патрабуем неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі ПЭН;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Прававая ініцыятыва;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Lawtrend.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства