Новыя затрыманні і ціск на сваякоў рэпрэсаваных: хроніка пераследу 17 верасня
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем" праект рэсурснай дапамогі для настаўнікаў "Адукаванка"
Адпаведанае рашэнне прынятае КДБ 28 жніўня. Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Куксо і Мельчанка.
Да маці гамельчука, які пасля вярбоўкі КДБ з'ехаў за мяжу, прыйшлі з ператрусам
Раніцай 16 верасня на працу да маці жыхара Гомеля Мікалая Стагурскага прыйшлі з ператрусам сілавікі. Ён захацеў апублікаваць факт рэпрэсій і паведаміў "Флагштоку", што міліцыянты канфіскавалі ў маці тэлефон і пагражалі "закрыць на суткі".
Раней хлопец распавёў аб вярбоўцы КДБ пасля затрымання "за экстрэмізм" і вымушанага інтэрв'ю дзяржТБ. Каб спыніць кантакты са спецслужбамі, Мікалаю прыйшлося выехаць у бяспечную краіну на тэрыторыю Еўразвяза, аднак і пасля гэтага супрацоўнік КДБ працягваў аказваць на яго ціск.
За каментары затрымалі бізнэсоўцу
Інфармацыя аб затрыманні з'явілася 17 верасня ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Затрыманы нібыта абражаў Лукашэнку, расійскую ўладу, а таксама выказваў падтрымку беларусам, якія ваююць за Украіну.
Двух сяброў затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту — у 2020-ым годзе ім было па 17 гадоў
"Пакаяльнае відэа" з імі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
Сцвярджаецца, што ўлічваючы ўзрост затрыманых і «свята Дзень народнага адзінства», яны вызваленыя з афіцыйным папярэджаннем і без "сур'ёзных юрыдычных наступстваў". Адзін з затрыманых — Цімафей Адамовіч.