Заява аб прызнанні 7 чалавек палітычнымі зняволенымі
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
18 верасня 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для ўціску грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, якая ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Так, змешчаны пад варту:
Наталля Варабей, Ала Кісель, Наталля Давыдка, Алена Вярбіцкая па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК;
Марына Алісеенка па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак па арт. 361-4 і 342 КК.
Марк Невар па абвінавачванні ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-1 і 361-4 КК асуджаны да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Аляксандр Лютаў па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК асуджаны да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Наталлю Варабей, Алу Кісель, Наталлю Давыдку, Алену Вярбіцкую, Марыну Алісеенку, Марка Невара, Аляксандра Лютава;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт.