Да 25 гадоў калоніі: па "справе Мачулішчаў" агучылі прысуд 12 фігурантам Дапоўнена
У Мінскім гарадскім судзе з 19 жніўня ў закрытым рэжыме праходзіў працэс па гучнай справе дыверсіі ў Мачулішчах. Дванаццаці чалавекам — большасці завочна — ставілася ў віну адразу 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК) і "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). Іх абвінавацілі ў здзяйсненні дыверсіі ў Мачулішчах у лютым 2023 года, падчас якой быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50. Трэцяга кастрычніка Валянціна Зянькевіч вынесла прысуд па справе — ад двух гадоў трох месяцаў да 25 гадоў калоніі. Грамадзяніна Украіны Мікалая Швеца, які быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай, завочна асудзілі да 25 гадоў калоніі.
Нагадаем, раніцай 26 лютага 2023 года на аэрадроме Мачулішчы здарыліся выбухі каля каштоўнага расійскага самалёта дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне. Паведамлялася, што цяпер самалёт знаходзіцца на рамонце на 325-м авіяцыйным рамонтным заводзе, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева ў Расіі.
Нагадаем, галоўны фігурант справы і, як сцвярджалі афіцыйныя органы і прапагандысты, выканаўца дыверсіі — Мікалай Швец, быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай. Але яго ўсё роўна судзілі. Таксама па справе праходзяць Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў і ягоная жонка Анастасія Пілько, Дзяніс Сакалоў. Згодна з прапагандыскага фільмам АНТ, усе яны былі памагатымі па справе, але яны дакладна не ведалі, хто такі Швец і ў чым менавіта яму трэба дапамога. Так, Максім Лапацін падвёз Швеца са Століна на Лагойскую трасу, Андрэй Сцяпурка дапамог знайсці яму кватэру пад Мінскам, Алег Сычоў і Наста Пілько здалі яму тую самую кватэру. А Дзяніс Сакалоў, які выявіўся прыяцелем сына Ірыны Абельскай і меркаваным даносчыкам, як піша "Наша Ніва", быццам дапамог даставіць дрон і знайсці працу для Мікалая Швеца.
Завочна судзілі Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лопарава.
Фігурантам справы інкрымінавалі 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса: "садзейнічанне ў экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК), "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" (ч. 1 арт. 290-1 КК), "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), "удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК), "агентурная дзейнасць" (ч. 1 арт. 358 КК), "прывядзенне ў няспраўнасць транспартнага сродку" (ч. 4 арт. 309 КК), "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК), "стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК), "фінансаванне экстрэмісцкага фармавання" (361-2 КК), "незаконныя дзеянні датычна выбуховых рэчываў" (ч. 4 арт. 295 КК), "праходжанне навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці" (арт. 290-3 КК).
4 кастрычніка Генеральная пракуратура распавяла падрабязнасці. Стала вядома, што дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымліваў прадстаўнік структуры.
Так, стала вядома, што Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Віталя Якуціка, Міхаіла Дзёміна абвінавацілі ў "акце тэрарызму" і "наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць сродкі паветранага транспарту" (ч. 3 арт. 289, ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Апроч гэтага, Азарава, Дзёміна, Якуціка, Сакалова, Тачыцкую, Лапарова і Лапаціна – у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), а Швеца, Яцуту і Сычова — у "агентурнай дзейнасці" (арт. 358-1 КК). Таксама Мікалая Швеца абвінавацілі ў "праходжанні навучання і іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці" і "незаконным абароце выбуховых рэчываў і выбуховых прылад" (ч. 4 арт. 295, арт. 290-3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Акрамя таго, Якуціка, Сакалова, Сцяпурку, Пілько, Лапаціна, Тачыцкукю, Лапарава і Сычова прызналі вінаватымі у "фінансаванні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 290-1, арт. 361-2 КК), "удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў "актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК), у розных спалучэннях.
4 кастрычніка Вярхоўны суд удакладніў завочныя прысуды:
У выніку Мікалаю Швецу завочна прызначылі 25 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 1 000 базавых велічыняў(40 000 рублёй).
Алу Яцуту прызналі вінаватай у "супрацоўніцтве замежнага грамадзяніна са спецыяльнай службай, органам бяспекі замежнай дзяржавы, звязаным са здзяйсненнем дзеянняў, загадзя накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (агентурнай дзейнасці), і на падставе арт. 358-1 КК прызначылі ёй пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін шэсць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Віталю Якуціку паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 25 гадоў са штрафам у памеры 1 000 базавых велічыняў (40 000 рублёў).
Міхаіла Дзёміна прызначылі канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў са штрафам у памеры 1 000 базавых велічыняў (40 000 рублёў), з адбываннем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
З улікам папярэдняга прысуду ад 15 лютага 2024 года Аляксандру Азараву прызначылі 25 гадоў са штрафам у суме 440 000 рублёў з адбываннем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Яўгеніі Тачыцкай прызначылі канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў са штрафам у памеры 1 000 базавых велічыняў у суме 40 000 рублёў, з адбываннем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Сяргею Лапарову прызначылі канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў са штрафам у памеры 1 000 базавых велічыняў у суме 40 000 рублёў, з адбываннем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Паведамляецца, што іншым абвінавачаным па справе прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 гадоў 3 месяцаў да 15 гадоў.