viasna on patreon

Затрыманні актораў РТБД і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 19-21 кастрычніка

2024 2024-10-21T17:16:12+0300 2024-10-21T17:16:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/volha-i-andrei-pecjukevicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-21 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За ўдзел у акцыях пратэсту затрымалі сужэнцаў

У "пакаяльным відэа" ад 21 кастрычніка сцвярджаецца, што яны хадзілі на маршы разам з дачкой.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына, які працуе прарабам, таксама мае татуіроўку "Пагоня". На "пакаяльным відэа" яго прымусілі сказаць, што ён звядзе яе, пасля таго, як выйдзе на волю.

У сацыяльных сетках жанчына падпісаная як Вольга Пецюкевіч (Грынкевіч). Мужчына — Андрэй Пецюкевіч.


Палітвязня Дзмітрыя Рэзановіча змясцілі ў ПКТ на паўгода

rezanovich_dzmitry.jpg
Дзмітрый Рэзановіч

Як паведаміў 19 кастрычніка тэлеграм-канал "Право на восстание", напрыканцы верасня адміністрацыя барысаўскай калоніі № 14 змясціла Дзмітрыя ў ПКТ тэрмінам на 6 месяцаў. Перад гэтым яго некаторы час утрымлівалі ў ШІЗА.


Магілёўскія сілавікі затрымалі жыхарку Оршы за каментары на адрас сілавікоў і Лукашэнкі

Пра гэта паведаміў 20 кастрычніка тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.

Пра затрыманую вядома, што яна працуе ў адной з цырульняў Оршы. Таксама сцвярджаецца, што ў яе на ўтрыманні трое непаўнагадовых дзяцей.

У віну жанчыне паставілі тое, што яна пакінула ў тэлеграме «больш за 600 каментароў» абразлівага характару на адрас беларускіх сілавікоў і Лукашэнкі.


Стала вядома пра шэраг затрыманых акцёраў Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі

Праваабаронцам сталі вядомыя 19 кастрычніка прозвішчы як мінімум трох затрыманых, інфармацыя пра іншых людзей правяраецца.

Падрабязнасці і прычыны затрыманняў высвятляюцца.


Сілавікі затрымалі прызыўніка — ён моцна жадаў служыць ва ўнутраных войсках

Пра затрыманне стала вядома 19 кастрычніка. Хлопец прыцягнуў увагу сілавікоў падчас восеньскай прызыўной кампаніі — яго пачалі правяраць.

Падчас іх высветлілася, што прызыўнік нібыта ўдзельнічаў у "экстрэмісцкіх" чатах і абмеркаваннях. За гэта прызыўніка назвалі "дыверсантам" і "кратом", які нібыта "быў гатовы фатаграфаваць вайсковую тэхніку, узбраенне, спецсродкі і перадаваць аператыўныя звесткі пра службова-баявую дзейнасць войскаў".

Сілавікі пагражаюць, што ў дачыненні да хлопца збіраюцца распачаць крымінальную справу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства