У магілёўскай калоніі № 15 памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр
Праваабаронцы "Вясны" атрымалі пацверджанне, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр. Па папярэдняй інфармацыі, гэта здарылася 11 кастрычніка 2024 года. Ён прабыў у калоніі менш за месяц. Дакладная прычына смерці невядомая. Летам яго асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму за "шпіянаж" (арт. 358 КК) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Гэта сёмая смерць палітвязня за кратамі.
З сацсетак стала вядома, што Дзмітрыю Шлетгаўэру 22 гады. Ён нарадзіўся ў расійскім Слаўгарадзе. У 2018 годзе атрымаў беларускі ВНЖ. Хлопец працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.
Крыху менш за год палітвязня ўтрымлівалі за кратамі. Па інфармацыі праваабаронцаў, таксама быў затрыманы і брат Дзмітрыя, але пазней яго дэпартавалі ў Расію.
Некалькі месяцаў таму над Шлетгаўэрам адбыўся суд паводле двух артыкулаў Крымінальнага суда. Пакуль адбываліся судовыя пасяджэнні, у яго нарадзілася дзіця.
У раскладзе судоў на сайце Вярхоўнага суда не было інфармацыі пра разгляд яго крымінальнай справы — толькі дата разгляду яго апеляцыйнай скаргі. Апеляцыя прайшла 30 жніўня, рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Эдгара Марцірасяна.
Па інфармацыі "Вясны", Дзмітрыю прызначалі 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Напачатку восені яго накіравалі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію № 15. Незадоўга пасля этапу яго знайшлі памерлым, але дакладная прычына смерці невядомая.
Праваабаронцы "Вясны" выказваюць спачуванні родным і блізкім палітвязня.
Як беларусы паміраюць праз палітычны пераслед Дапоўнена