viasna on patreon

Не менш за 15 чалавек выйшлі на волю па заканчэнні тэрмінаў у кастрычніку, адна з іх — жанчына

2024 2024-11-06T16:52:59+0300 2024-11-06T16:53:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kalonija_22.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1293 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію"), ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", агулам па заканчэнні тэрмінаў з 2020 года з папраўчых установаў выйшлі мінімум 1 274 чалавекі. У кастрычніку на волю выйшлі мінімум 17 чалавек: 15 цалкам адбылі тэрміны, з якіх толькі адна жанчына, яшчэ два палітзняволеныя былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА. За што палітвязні адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. 

Публікуем гісторыі некаторых з іх.

Палітвязень Ілля Мігно — больш за 4 гады і 1 месяц у зняволенні

На момант затрымання Ілля быў студэнтам 2-га курса Брэсцкага палітэхнічнага ўніверсітэта. Яго затрымалі 18 жніўня 2020 года на працы ў Мастаатрадзе за ўдзел у пратэстах. Пазней яму прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

10 сакавіка 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Іллю і іншым фігурантам гэтай крымінальнай справы вынеслі прысуды. Яго асудзілі на чатыры з паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Палітвязень выйшаў на волю з ПК № 15 у кастрычніку 2024 года.

Палітзняволеная Вольга Кавалёва — больш за 2 гады, 7 месяцаў у зняволенні

Жанчыну затрымалі 17 сакавіка 2022 года за каментары ў інтэрнэце паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 364 КК (пагроза гвалтам у дачыненні да супрацоўніка міліцыі), арт. 391 КК (абраза суддзі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Паводле абвінавачання, яна пакінула абразлівыя каментары і выказала пагрозы на адрас 50 службовых асоб: суддзяў, пракурорскіх работнікаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, следчых органаў, членаў участковых выбарчых камісій.

У канцы верасня 2022 года ёй прысудзілі тры гады пазбаўлення волі. Па падліках праваабаронцаў, напрыканцы кастрычніка палітзняволеная выйшла на волю з гомельскай калоніі № 4.

Палітвязень Максім Зайцаў  — больш за 1 год і 10 месяцаў у зняволенні 

Мужчына да затрымання працаваў загадчыкам аддзялення Брэсцкага абласнога наркадыспансэру.

14 лютага 2023 года ў Брэсцкім раённым судзе яго асудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 100 базавых велічыняў.

Суддзя Сяргей Маручак прызнаў Максімавінаватым паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу. Бок дзяржабвінавачання падтрымала пракурорка Наталля Шастачук. Тэрмін палітвязень адбываў у магілёўскай ПК № 15. 

Палітвязень Раман Карпук — больш за 2 гады і 8 месяцаў у зняволенні 

Раман Карпук

Раману ў жніўні 2022 года прысудзілі тры гады калоніі за адпраўку 99 лістоў членам камісій па рэферэндуме ад імя "палітычных" суддзяў. У тэксце лістоў былі заклікі падлічваць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках, а таксама пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса з адказнасцю для фальсіфікатараў.

Раман вучыўся на першым курсе ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна, але яго адлічылі за час зняволення. Затрымалі хлопца ў лютым 2022 года. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1.

Палітвязень Яўген Каваленка — больш за 2 гады ў зняволенні

Яўген Каваленка

У Мінскім абласным судзе летам 2023 года Яўгена асудзілі на два з паловай гады калоніі. Яго абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за ўдзел у пратэстах і распальванне іншай сацыяльнай варожасці. Яўгена накіравалі для адбыцця пакарання ў папраўчую калонію № 1, адкуль ён выйшаў на волю напрыканцы кастрычніка.

Палітвязень ІлляШакіраў — больш за 1 год і 10 месяцаў у зняволенні

Ілля Шакіраў

Ілля — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, вядучы інжынер-праграміст аднаго з прадпрыемстваўБеларусі. Палітвязня затрымалі 30 лістапада 2022 года. Яго абвінавацілі ў "гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў", былога начальніка ГУБАЗіК МУС Дзмітрыя Ковача (арт. 364 КК). 

Суд Партызанскага раёна Мінска 13 сакавіка 2023 года прызначыў Шакіраву два гады калоніі. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Супічэнка.

Мужчына адбываў тэрмін у ПК № 15. Па падліках, выйшаў на волю ў кастрычніку 2024 года.

Палітвязень Сяргей Трацюк — больш за 3 гады і 6 месяцаў у зняволенні

Берасцеец да зняволення працаваў токарам. Мае непаўнагадовую дачку. Яго асудзілі за ўдзел у пратэстах у Брэсце ў жніўні 2020-га паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Сяргеюпрызначылі чатыры гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Сяргей спачатку адбываў тэрмін у ПК № 22, але пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства