Суды над "Ганаровымі грамадзянамі" Віцебшчыны і абнаўленне "экстрэмісцкага" спісу: хроніка пераследу 12-13 лістапада Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-13 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Спыніла працу найбуйнейшая школа замежных моваў на Берасцейшчыне "АКЦ Мост"
Пра гэта паведаміў 13 лістапада "Позірк".
Студэнтам курсаў і іх бацькам пра адмену заняткаў і прыпыненне дзейнасці школы паведамілі ў групавых чатах, без тлумачэння прычынаў.
Паводле звестак "Позірку", офіс "АКЦ Мост" 13 лістапада быў апячатаны.
Спісы на "гутаркі", пагрозы звальненнем, забарона на выезд — чарговая хваля рэпрэсій на Беларускай чыгунцы
Фактычных звестак аб колькасці прыцягнутых да "прафілактычных гутарак" і праверак або затрыманых супрацоўнікаў няма, аднак падобныя выпадкі далёка не адзінкавыя, напсіала "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".
Паводле звестак ініцыятывы, толькі ў адным аддзяленні БЧ (Мінскага — НАЧ-1) у спісах супрацоўнікаў, якіх неабходна праверыць ці "паразмаўляць", утрымліваецца больш за 60 чалавек.
З часткай людзей проста праводзяць "прафілактычную гутарку": запалохваюць звальненнем ці крымінальнай справай і далейшым турэмным тэрмінам, даюць падпісаць паперу-абавязацельства, што супрацоўнік не будзе ўдзельнічаць у недзяржаўных мерапрыемствах. Іншым пасля "гутаркі" прапануецца ў добраахвотна-прымусовым парадку наведаць КДБ.
Пры правядзенні "гутарак" супрацоўнікі КДБ забіраюць у людзей мабільныя тэлефоны на сем-дзесяць хвілін і праводзяць з імі маніпуляцыі без ведама ўладальнікаў.
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Беларуский Народный Трибунал"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 12 лістапада.
Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы маюць Ігар Макар, Арцём Прыпісноў, Мікіта Леанюк, Вольга Катовіч.
Чарговага "Ганаровага грамадзяніна" Віцебшчыны судзілі за "экстрэмізм"
Гэта Юрый Лабанаў — электрагазазваршчык "Лепельводаканала". Імя мужчыны сёлета занеслі на Дошку гонару Лепельскага раёна па выніках 2023 года.
Учора ў Лепелі, апроч яго, судзілі яшчэ дваіх чалавек па палітычных адміністрацыйных справах. Як паведаміў 12 лістапада тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю!", сярод іх яшчэ адна супрацоўніца "Лепельводаканала" — Вікторыя Стульба.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі Telegram-каналы і чаты "БЕЛАРУСЬ ПЕРАД УСІМІ!", "Гродно, Ленинский р-н Для Жизни", "Радыё Harodnia" з лагатыпам, а таксама старонка ў TikTok "chinovniktiktok".
"Ганаровага грамадзяніна Мёрскага раёна" будуць судзіць за "прапаганду нацызму"
Трактарыст Глыбоцкіх электрасетак Станіслаў Пілецкі па выніках 2021 году быў занесены на Дошку гонару Мёрскага раёна.
Як паведаміў 12 лістапада тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю!", у канцы кастрычніка яго асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", а 13 лістапада мужчыну будуць судзіць па новай справе — цяпер яго абвінавачваюць у "прапагандзе нацызму". Судовы працэс будзе ўначальваць суддзя Ірына Яскевіч.