viasna on patreon

Больш за месяц невядомае месцазнаходжанне палітвязня Аляксандра Францкевіча

2024 2024-11-13T14:30:52+0300 2024-11-13T15:10:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/franckevich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У чэрвені ў судзе Ваўкавыскага раёна палітвязню Аляксандру Францкевічу, асуджаным раней да 16 гадоў і дзевяці месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, дадалі яшчэ адзін год зняволення. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго ўтрымлівалі ў баранавіцкім СІЗА-6, адкуль напачатку кастрычніка этапавалі ў калоніі, але якую — невядома. З таго часу яго блізкія не атрымлівалі ад яго ні лістоў, ні паведамлення з папраўчай установы, куды яго накіравалі для адбыцця пакарання. Таму фактычна больш за месяц нічога невядома пра стан і месцазнаходжанне Аляксандра. Маці палітвязня цяпер таксама знаходзіцца ў зняволенні ў межах крымінальнай справы.

Аляксандр Францкевіч у цэнтры на судзе 6 верасня

Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы "Рэвалюцыйнага дзеяння". Палітвязня прызналі вінаватым па шэрагу цяжкіх Крымінальных артыкулаў. У верасні 2022 года Аляксандру прызначылі 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 долараў). 28 лютага 2023 года ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення скаргу, а тэрмін Францкевіча скараціла на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Аляксандра — 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня спачатку накіравалі ў івацэвіцкую калонію № 5, але пазней перавялі ў ваўкавыскую ПК-11. Па інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2023 года Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода, а таксама неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

У траўні 2024 года стала вядома, што супраць Аляксандра ўзбуджана крымінальная справа паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Палітвязень доўгі час знаходзіўся ў ПКТ. 

Суд над ім адбыўся ў судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня 2024 года. Суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў палітвязня вінаватым і прысудзіў яму яшчэ адзін год зняволення. Да апеляцыі Аляксандр утрымліваўся ў СІЗА № 6. Пасля апеляцыі палітвязня накіравалі ў папраўчую калонію, але да гэтага часу невядома ў якую.

19 ліпеня стала вядома пра затрыманне маці палітвязня — Таццяны. Яе абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. Жанчыну ўтрымліваюць пад вартай у віцебскім СІЗА-2.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства