Затрыманне "каліноўца" ў В'етнаме і папаўненне "Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў": хроніка пераследу 19-20 лістапада
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
З'явіўся спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка пазбавіў званняў за падтрымку народу ў 2020 годзе
17 лістапада Лукашэнка падпісаў указ аб пазбаўленні воінскіх і спецыяльных званняў
Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.
«У перыяд абвастрэння грамадска-палітычнага становішча ў 2020 годзе яны здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні, якія несумяшчальныя са статусам вайскоўца. У сувязі з гэтым кіраўнікі сілавых ведамстваў ва ўстаноўленым парадку ініцыявалі перад кіраўніком дзяржавы пытанне аб пазбаўленні гэтых асоб воінскіх і спецыяльных званняў», — гаворыцца ў паведамленні.
- Ёдка Алег Іванавіч, падпалкоўнік юстыцыі запасу;
- Рэкець Андрэй Юр'евіч, маёр запасу;
- Станкевіч Антон Станіслававіч, маёр запасу;
- Уласавец Іна Сяргееўна, маёр запасу;
- Яроменка Раман Віктаравіч, капітан запасу;
- Кавалераў Павел Леанідавіч, капітан запасу;
- Матусевіч Юлія Уладзіміраўна, капітан запасу;
- Мацкевіч Яўген Мікалаевіч, капітан запасу;
- Чарнаброўкін Дзмітрый Канстанцінавіч, капітан запасу;
- Асадулаеў Руслан Магамедхабібавіч, старшы лейтэнант запасу;
- Захараў Ягор Міхайлавіч, старшы лейтэнант запасу;
- Дашчынскі Аляксандр Тадэвушавіч, старшы прапаршчык запасу;
- Страшкевіч Іван Пятровіч, прапаршчык запасу;
- Барадзін Сяргей Аляксандравіч, старшына запасу;
- Сандалюк Сяргей Васільевіч, палкоўнік унутранай службы запасу;
- Майсейчык Генадзь Мікалаевіч, падпалкоўнік міліцыі запасу;
- Залеўскі Міхаіл Леанідавіч, маёр міліцыі запасу;
- Марцінкевіч Уладзімір Мікалаевіч, маёр міліцыі запасу;
- Ільін Аляксандр Аляксандравіч, старшы лейтэнант міліцыі запасу;
- Зінін Павел Валер'евіч, капітан юстыцыі запасу;
- Шыбут Антон Паўлавіч, старшы лейтэнант юстыцыі запасу.
В'етнам выдаў Беларусі "каліноўца" Васіля Верамейчыка, затрыманага ў гэтай азіяцкай краіне
Пра гэта паведамілі прапагандысты ў фільме АНТ пра дабраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны.
Паведамляецца, што чальца Каардынацыйнай рады фракцыі "Беларусы"і экс-дабраахвотнік Палка Каліноўскага апынуўся ў Азіі, бо Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла ўезд у Еўрасаюз. Па інфармацыі Антона Матолькі, Верамейчыка прывезлі ў Беларусь яшчэ ўвечары 14 лістапада самалётам з Масквы.
Каардынацыйная рада ў каментары паведаміла, што затрыманне адбылося 13 лістапада.
"Экстрэмісцкім" прызнаны Telegram-канал "Мозырь обстановка помощь на дорогах"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Мазырскага раёну 16 лістапада. На гэтым канале публікуюцца звесткі аб сітуацыі на дарогах Мазыра, а таксама аб пастах ДАІ. У мінулым сакавіку ў суполцы віншавалі падпісантаў з Днём міліцыі.
Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі Telegram-канал «Deutsches Freiwilligen Korps/Нiмецький добровольчий корпус», Instagram-старонку «eyge.go», старонкі ў Facebook i Instagram «Alex Pazniak», а таксама TikTok-старонкі «Усё пра Гродна», «reformbynews», «Myazha_info»..