viasna on patreon

За мінулы тыдзень у беларускіх судах разглядалі 87 палітычных крымінальных справаў: за пратэсты судзілі 35 чалавек

2024 2024-11-25T13:13:59+0300 2024-11-25T13:22:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovai7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля падзей 2020 года ў нашай краіне працягваецца беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій. Беларусаў дагэтуль працягваюць пераследваць за падзеі чатырохгадовай даўніны: пазбаўляюць волі за ўдзел у акцыях пратэсту, за публічнае выказванне нязгоды з дзеяннямі ўладаў і іншую палітычную актыўнасць. Перад сёмымі прэзідэнцкімі выбарамі хваля рэпрэсій узмацнілася: па ўсёй краіне ладзяцца вобшукі і затрыманні.

З 18 па 22 лістапада ў беларускіх судах разглядалі 87 крымінальных палітычных справаў, у межах якіх судзілі 106 чалавек. Мінімум 11 судовых працэсаў праходзіла ў закрытым рэжыме. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул – "народны" артыкул 342 КК. Па ім судзілі 35 чалавек. За "здраду дзяржаве" на мінулым тыдні судзілі мінімум шэсць чалавек. Агулам паводле дыфамацыйных артыкулаў судзілі 41 чалавека.  

Распавядаем пра палітычна матываваныя крымінальныя суды за мінулы тыдзень.   

Мінімум 35 чалавек судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе

pratesty-2020_iljustracyinae-fota.jpg
Здымак мае ілюстрацыйны характар

У судзе Пінскага раёна і горада Пінска на мінулым тыдні судзілі як мінімум траіх чалавек паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 19 лістапада справу Невара Аляксандра разглядаў суддзя Яўген Мельнік, Карасюка Уладзіслава – суддзя Ігар Клімовіч. 20 лістапада суддзя Вольга Лубнік вяла судовы працэс Гальяша Дзмітрыя. У Пінску толькі сёлета пачалі судзіць за пратэсты 2020-га году па артыкуле 342 КК — ужо асудзілі 16 чалавек.


На мінулым тыдні за ўдзел у пратэстах судзілі адразу некалькі сем’яў

Так, у судзе Заводскага раёна Мінска 19 лістапада пачаўся суд над Ганнай, Іннай і Раманам Усманавымі, а таксама Кірылам Селязнёвым. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя — Дзмітрый Лукашэвіч.

Таксама 19 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска разглядалі справу паводле ч. 1 арт. 342 КК супраць Кацярыны і Ігара Грамовічаў. Працэс вядзе суддзя Таццяна Полулех.

21 лістапада распачаўся суд над Маркам Куніцкім і Ірынай Пратазанавай-Куніцкай у судзе Кастрычнікага раёна Мінска. Разглядае справу суддзя Алена Жывіца.

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 22 лістапада пачалі разглядаць крымінальную справу супраць сям'і з трох чалавек: Ганны, Таццяны і Андрэя Вашчышыных. Суддзя — Юлія Крэпская.

Палітзняволенага краязнаўцу асудзілі да пазбаўлення волі

aljaksandr-nikicin_.jpg
Аляксандр Нікіцін

Былы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава, экскурсавод Аляксандр Нікіцін быў асуджаны да пазбаўлення волі па абвінавачванні ва ўдзеле ў мірных сходах.

Ён быў асуджаны яшчэ ў верасні ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Cправу разглядаў суддзя Кузянёк Дзяніс Аляксандравіч. Дакладны тэрмін, які прысудзілі Нікіціну, невядомы.

Аляксандра называлі "легендай Веткаўскага музея", "любімым экскурсаводам". Ён захапляўся краязнаўствам яшчэ з юнацтва, любіў бываць у экспедыцыях і збіраць старадаўнія рэчы. Некаторыя нават выкупляў за ўласныя грошы.

Суды паводле дыфамацыйных артыкулаў: каментары пра Лукашэнку і сілавікоў

Актыўна працягваюцца палітычна матываваныя суды за інтэрнэт-каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. За мінулы два тыдні ў Беларусі судзілі 12 чалавек за каментары пра Лукашэнку. Звычайна іх трактуюць, як "абраза Лукашэнкі" і заводзяць крымінальныя справы паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Іншы дыфамацыны артыкул, па якім судзяць за выказванне пра палітыка – "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367КК). Па ім судзілі 7 чалавек. За "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) судзілі 2 чалавек. За "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" судзілі мінімум 20 чалавек (арт. 130 КК).

Віцебскага фатографа судзяць за "абразу Лукашэнкі"

uladzislau-koszaleu.jpg
Уладзіслаў Кошалеў

У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 18 лістапада пачалі разгляд крымінальнай справы супраць Уладзіслава Кошалева паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Працэс вядзе суддзя Святлана Кузмічонак.

Як паведамляў тг-канал “Витебск, я гуляю”, "з такім імём і прозвішчам Віцебску вядомы партрэтны і ню-фатограф, які раней трымаў фотастудыю Zoom. Гэты Кошалеў знік з сацсетак у канцы лета".


pavel-szorakhau_.jpg
Павел Шорахаў

У Мінскім гарадскім судзе 20 лістапада распачаўся суд над 35-гадовым Паўлам Шорахавым. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Верагодна, справа тычыцца каментароў у тэлеграм-чаце. Справу разглядае Сяргей Кацар.

18 сакавіка гэтага года КДБ яго назваў датычным да тэлеграм-чата “Здравый смысл на Алибегова”, калі прызналі яго “экстрэмісцкім фармаваннем”. Меркавана, мужчыну затрымалі ў лютым 2024 года.

Вядома, што ў мужчыны чацвёра дзяцей. Павел утрымліваецца ў СІЗА.


Велічэзны штраф за "абразу Лукашэнкі" і 6 гадоў калоніі завочна

ezhy-hryhencza_.jpg
Ежы Грыгенча

Гродненскі абласны суд 21 лістапада завочна вынес прысуд актывісту Ежы Грыгенчу: шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў).  Адзначым, што штраф памерам 40 000 рублёў быў прызначаны за "абразу Лукашэнкі".

Справу разглядаў суддзя Васіль Скок. Актывіста прызналі вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 361-4 (садзенічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Ежы Грыгенча — вядомы гродзенскі грамадска-палітычны актывіст, якога раней неаднаразова затрымлівалі. З 2020 года знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.

Замена "хатняй хіміі" ці "хіміі" на калонію

З 18 па 22 лістапада адбылося 30 судовых працэсаў па замене абмежавання волі на пазбаўленне волі асуджаных па палітычных справах.


Пераслед палітвязняў і актывістаў

pavel-spiryn_.jpg
Павел Спірын

У Бабруйску 20 лістапада распачаўся суд над палітзняволеным Паўлам Спірыным, які ўжо чатыры гады і два месяцы ўтрымліваецца ў зняволенні.

Па падліках праваабаронцаў, у снежні 2024 года Павел мусіў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну. Але па ініцыятыве адміністрацыі бабруйскай калоні № 2 супраць палітвязня ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Яму могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення. Рашэнне будзе прымаць суддзя Дзмітрый Свірыдаў.

Вядома, што вязням бабруйскай калоніі "забаронена" размаўляць з Паўлам. За камунікацыю з палітвязнем караюць “суткамі” ў штрафным ізалятары.

Пачалі судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука

dzmitryi-kuczuk.jpg
Дзмітрый Кучук

Дзмітрыя затрымалі 16 лютага каля расійскай амбасады. Кучук прыйшоў, каб ускласці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Праз месяц стала вядома, што супраць мужчыны распачалі крымінальную справу.

Разглядаць яго справу пачалі 22 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Кучука абвінавачваюць па двух артыкулах — "заклікі да санкцый" (ч. 3 арт. 361 КК) і "ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). Судзіць яго прызначана Алена Шылько.

50-гадовы Дзмітрый — былы старшыня партыі "Зялёныя" (партыю ліквідавалі ў ліпені 2023 года). Ён узначальваў адкрытае акцыянернае таварыства "МС Заходняя" — гэта прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае адкіды.Дзмітрый мае дарослую дачку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства