viasna on patreon

"Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе"

2024 2024-11-25T13:49:57+0300 2024-11-25T14:29:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sziag-na-balkone.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка Мінска Алена (сапраўднае імя змененае ў мэтах бяспекі), якая ў 2020 годзе актыўна ўдзельнічала ў пратэстным руху, мірных сходах і дваравых актыўнасцях, на шчасце, ў той час не патрапіла пад масавыя рэпрэсіі. За ёй супрацоўнікі Губазік прыйшлі толькі ў 2023 годзе. Сёння яна ўзгадвае падзеі 2020 года, якія каардынальна паўплывалі на яе далейшы лёс – сёння жанчына жыве ў іншай краіне.

Алена ўзгадвае, як яшчэ задоўга да дня выбараў вывесіла на балконе бел-чырвона-белыя стужачкі, якія правіселі там аж да лютага 2021 года.

– Калі ўжо пачалі затрымліваць за ўсё, што было ў б-ч-б колерах, я ўсё адно не здымала іх, і гэта  з майго боку была самазабойчая храбрасць. У той момант мне гэта дапамагала праявіць свой характар і актыўнасць: вакол усіх сажаюць, а мае ленты ўсё вісяць і вісяць на балконе з відам на вуліцу. І гэта ўплывала на іншых, паколькі ў розных вокнах суседзяў я стала заўважаць падобнае, сталі з’яўляцца то белыя лісты паперы, то сардэчка, то пальцы з вікторыяй. Канечне, было страшнавата, але я не здавалася. Я не магла спыніць сябе, я лічыла, што гэта дапамагае таксама і іншым.

Алена  актыўнічала ў сваім раёне, хадзіла на ўсе мітынгі, акцыі, удзельнічала ў дваравых чатах, але паступова актыўнасць людзей пачала зніжацца, а рэпрэсіі так і не спыніліся.

– Мусіць я вельмі добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годе. Але ўсё, што мы тады рабілі ў плане бяспекі – гэтага было мала, сілавікі хутка навучыліся новым тэхналогіям, гэта іх праца. І меры бяспекі, якія мы прадпрымалі ў 2020 годзе перасталі быць эфектыўнымі.

sziag-na-balkone-2.jpg
Ілюстрацыйнае фота з сацыяльных сетак

Пад час ператрусу сілавікі знайшлі кубак з "Пагоняй" і кнігу Оруэла "1984"

У траўні 2023 года раніцай на кватэру да жанчыны прыйшлі трое супрацоўнікі ГУБАЗіК у цывільнай вопратцы. Адзін з іх паказаў пасведчанне і ордэр на ператрус.

– Мне паведамілі, што быў напісаны ананімны данос, што нібыта ў мяне ў кватэры захоўваецца экстрэмісцкая сімволіка, быў там і план кватэры, і яе апісанне. Дагэтуль не разумею, хто гэта мог зрабіць, нават у злітай кіберпартызанамі базе даносаў я не магла знайсці таго аўтара. Пад час ператрусу яны знайшлі кубак з “Пагоняй”, кнігу Оруэла “1984”, нейкія налепкі, стужачкі, кашалёк і шкарпэткі ў нацыянальных колерах. Бачна было, што яны хацелі знайсці сцяг. Ператрусілі ўсю кватэру, паводзілі сябе агрэсіўна. Адзін з іх аднавіў пры дапамозе нейкага прыстасавання ў мэсэнжэры тэлефона відэа, дзе бачна, што Алена была на праезнай частцы праспекта, дзе праходзілі пратэсты і крычала “Сыходзь!”. Сказалі мне, што гэта цягне на крымінальную справу.

Потым Алену адвезлі ў упраўленне ГУБАЗіК на Рэвалюцыйнай, дзе далі падпісаць не пачытаўшы нейкія паперы, а затым начапілі кайданкі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна.

– Там я адна сядзела ў невялікай камеры, прыкладна з 14 гадзін да самага вечара. Камера была каля прыбіральні, моцна смярдзела. І было вельмі халодна. Вось гэта была нейкая кантрольная для мяне праверка, калі я ўжо развітвалася з усім ранейшым жыццём. Я пачала асэнсоўваць, што ж са мной здарылася і што будзе далей. Я перажывала, што прыедуць да мяне на працу і могуць напалохаць супрацоўнікаў, што будзе з працай далей, што будзе з маім катом. Але потым згадала Джардана Бруна, якога спалілі і падумала, я ж жывая, – узгадвае Алена.

"Самая вялікая праблема – стан невызначанасці, ці выйдзеш ты на волю пасля арышту"

Позна вечарам на міліцэйскім "бобіку" разам з 3-4 затрыманымі мужчынамі Алену адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Праз пару дзён адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы.

– Як праходзіў суд? Усё было на калідоры на першым паверсе. На падваконне паставілі ноўтбук, уключылі скайп. Суддзя зачытала пратакол, у якім апісанае затрыманне не супадала з рэальным. На судзе прысутнічаў ілжэсведка Іваноў Іван Іванавіч, быў у чорнай масцы, кепцы, насунутай на вочы. Мяне ўжо паперэдзілі, каб пагаджалася на ўсё – тады, маўляў, меней дадуць. Адваката таксама не было. Далі мне 14 сутак арышту.

Ну, 14 сутак, гэта не 14 гадоў. Каб яшчэ было ведаць, што на гэтым усё скончыцца. Самая вялікая праблема – стан невызначанасці, ці выйдзеш ты на волю пасля арышту, ці не. Пачынаецца магічная гульня розуму, прыдумляюцца розныя рытуалы, – распавядае жанчына.

Алена дагэтуль ўзгадвае, як стрэсава праходзіў поўны агляд у ІЧУ на Акрэсціна. Пад час суда высветлілася, што  Алене ў лютым вынеслі, як кіраўніку, адміністрацыйнае спагнанне ад санстанцыі. А супрацоўнік ЦІП у форме не разабраўшыся, запытаўся ў яе, ці ёсць у жанчыны артыкул за прастытуцыю.

– Ён сказаў што трэба правесці агляд, адвёў мяне ў асобнае памяшканне, дзе не было вокнаў, верагодна гэта была душавая і сказаў распранацца цалкам і стаць тварам да сцяны. Я думала, што будзе аглядаць жанчына. Мне стала страшна – я голая, а ззаду нейкі мужчына, які пры ўладзе і са зброяй. Гэта быў моцны шок.

У двухмясцовай камеры, па словах Алены, знаходзілася напачатку 14 чалавек. Інтэр’ер звычайны: двух’ярусныя нары, тумбачка, на якой таксама спалі арыштаваныя, стол і лаўка. Душа, прагулак, пасцельных прыналежнасцяў, лістоў, перадач не было. Святло гарэла ўвесь час, на ноч не прыглушалася. Было холадна. Ноччу будзілі ў 2 і 4 гадзіны, трэба было ўстаць і назваць сваё імя. Спаць нармальна не ўдавалася, а днём сядзелі або хадзілі па камеры.

– Адносіны паміж сукамернікамі былі добрыя, паколькі амаль усе былі нашыя. Былі настаўніцы і мы пачалі вучыць мовы. Гаспадарчым мылам на сцяне пісалі граматычныя формы і вучылі. Слухалі таксама лекцыі. Адна з настаўніц падрабязна распавядала пра гісторыю французскай рэвалюцыі. Я таксама распавядала сваё, пра тэхналогіі грамадскага харчавання. Часу, карацей, дарэмна не гублялі.

Уцёкі з Беларусі і новыя выклікі

Пасля вызвалення 16 траўня, на наступны дзень яна паехала на радзіму, каб па месцы прапіскі памяняць свой пашпарт, паколькі неўзабаве завяршаўся тэрмін дзеяння і зрабіць на ўсялякі выпадак візу, але не паспела.

Ёй патэлефанаваў знаёмы і папярэдзіў, каб яна болей не вярталася на здымную кватэру. Бо туды ўжо прыехалі трое супрацоўнікаў ГУБАЗіК, тыя ж самыя, якія яе затрымлівалі. Не знайшоўшы яе там, яны паехалі па іншых адрасах, каб адшукаць Алену. Яна не ведала, што рабіць у такой сітуацыі, з сябрамі, якія параілі з’язджаць. З пэўнымі цяжкасцямі яна дабралася да Літвы і папрасіла прытулку.

У пачатку верасня 2024 Алене даслалі адмову ў прадастаўленні прытулку і паведамленне пра тое, што ёй трэба будзе пакінуць Літву. Зараз гэтае рашэнне абскарджваецца, а сама Алена не адчувае сябе ў бяспецы, пастаянна прысутнічае страх.

– У мяне з’явіўся страх смерці. Не ведаю чаму так, але раней я не ўспрымала смерць як тое, што можа здарыцца ў любы момант. Але пасля ўсяго гэтага і яшчэ пасля адмовы ў прытулку, я літаральна засынаю і прачынаюся з гэтай думкай. Здавалася, знаходжуся ў бяспецы, але, аказваецца, што не.

Алена асцерагаецца новых пераследаў з боку беларускага рэжыму і крымінальнай справы.

"Лепей у Беларусь не вяртацца": гісторыя айцішніка, які ледзь не наехаў на амапаўца аўтамабілем

Мінскі айцішнік Улад (імя змененае ў мэтах бяспекі сваякоў) актыўна ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту 2020 года, хадзіў на нядзельныя маршы, патрапляў пад разгоны, але лёс шкадаваў маладога чалавека – яго ніводнага разу не затрымалі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства