viasna on patreon

Заснавальніка клінікі "Новы Зрок" завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі і вялікага штрафу

2024 2024-11-26T10:07:10+0300 2024-11-26T10:07:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kaurygin-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Каўрыгін

Алег Каўрыгін

У Мінскім гарадскім судзе з 23 верасня па 25 лістапада адбываўся разгляд крымінальнай справы супраць 55-гадовага заснавальніка клінікі "Новы Зрок" Алега Каўрыгіна і яго чатырох былых калегаў. У выніку Алега завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 10000 базавых велічынь (400 тысяч беларускіх рублёў). Былым супрацоўнікам клінікі прызначана пазбаўленне волі з адтэрміноўкай выканання, а таксама штрафы. Справу разглядала Анастасія Папко.

Па пазову намесніка Генеральнага пракурора з Алега Каўрыгіна таксама пастанавілі спагнаць больш за тры мільёна рублёў як кампенсацыю ў "лік нявыплачанага падатку". Апроч гэтага, Каўрыгіна пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў. 

Алега Каўрыгіна абвінавацілі паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 130 — распальванне іншай сацыяльнай варожасці, учыненыя групай асоб альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы;
  • ч. 3 арт. 243 — ухіленне ад выплаты падаткаў;
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-1 — арганізацыя ад ухілення ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнню падаткаў, збораў;
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-3 — арганізацыя падатковавага махлярства;
  • ч. 2 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • ч. 3 арт. 361 — заклікі да санкцый;
  • ч. 1 і 2 арт. 361-4 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 369-1 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 1 арт. 427 КК — арганізацыя службовага падлога.

Разам з ім па эканамічных артыкулах асудзілі яшчэ чатырох чалавек:

  • Марыну Баярчук — ч. 2 арт. 243-1 (ухіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнню падаткаў, збораў), ч. 2 арт. 243-3 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў);
  • Таццяну Ярмольчык, Алену Варашкевіч і Аляксандра Салаўёва — ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-1 (арганізацыя ад ухілення ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнню падаткаў, збораў), ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-3 КК (арганізацыя падатковавага махлярства).

Генеральная пракуратура паведаміла, што галоўнай бухгалтарцы, намесніку дырэктара і галоўнай медсястры цэнтра прызначаны пакаранні ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад трох гадоў і трох месяцаў да трох гадоў і шасці месяцаў калоніі з адтэрміноўкай адбывання тэрмінам на тры гады. Таксама ім прызначанае дадатковае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памерах ад 600 да 1000 базавых велічыняў. Галоўную бухгалтарку пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў.

Праваабаронцам невядомы прысуд у адносінах да астатніх фігурантаў справы. Паводле прадпрымальніка, супрацоўнікі "Новага зроку" не знаходзіліся пад вартай. Каўрыгін кажа, што ўсе яны былі вымушаныя працаваць са следствам "у поўным аб'ёме".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства