Экстрэмізм, выклікі ў пракуратуру і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 25-26 лістапада Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-26 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Чашніках за "несанкцыянаванае пікетаванне" будуць судзіць пенсіянера з інваліднасцю
У судзе Чашніцкага раёна на 4 снежня прызначанае пасяджэнне аб разглядзе справы па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) супраць Сяргея Недаводава.
Гэтыя ініцыялы супадаюць з ініцыяламі жыхара вёскі Альшанкі, які падчас аварыі на ЧАЭС служыў у міліцыі, быў дзяжурным па выцвярэзніку Чашніцкага РАУС. Разам з калегамі яго тады адправілі ў складзе зводнага атрада МУС БССР для забеспячэння парадку пры ліквідацыі наступстваў аварыі, піша "Віцебск, я гуляю!".
У небяспечнай зоне ён прабыў з 26 ліпеня да 26 жніўня 1986 года. Цяпер мужчына на пенсіі, ён мае інваліднасць.
Акаўнт спецпасланніцы Літвы па Беларусі ў "Х" прызналі "экстрэмісцкім"
Гаворка пра старонку Асты Андрыяўскене. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 21 лістапада.
Таксама "экстрэмісцкі" спіс папоўнілі Instagram-акаунт "sveta.ben", YouTube-канал "BELPOL SHORTS & NEWS VIDEOS", старонка ў "Аднакласніках" "МХД – Маладыя Хрысцiянскiя Дэмакраты", а таксама старонкі ў "Х" "Шыба", "sandra baby potato", "Treci Dotyk".
За "распаўсюд экстрэмізму" прыцягваюць да адказнасці нават падлеткаў.
У эфіры СТВ паказалі паперку прадстаўніка Генпракуратуры з рэпрэсіўнай статыстыкай. Сярод іншага, на 1 лістапада 2024 году ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесена 6565 пазіцый.
За 9 месяцаў 2024-га году здзейснена 925 "злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці", а агулам зарэгістравана 4056 такіх злачынстваў. Са жніўня 2020-га году ў Беларусі зарэгістравана 21 495 "злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці".
За "распаўсюд экстрэмізму" (арт. 19.11 КаАП) прыцягнута да адказнасці 5368 чалавек — сярод іх 34 непаўнагадовых, 927 чалавек ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, 3182 чалавекі — ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Сярод прыцягнутых да адказнасці 1525 жанчын.
Генпракуратура: у Беларусі была выкрытая сетка "экстрэмісцкіх" дваровых чатаў
Некалькі тыдняў таму па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў — справа звязана з дваровымі чатамі, якія нібыта спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю, заявіў прадстаўнік Генпракуратуры Валерый Шуляк.
"Артыкул дастаткова сур'ёзны, я не буду яго агучваць сёння для захавання таямніцы следства, але да 15 гадоў пазбаўлення волі. І ў любым выпадку хачу падкрэсліць, што сітуацыя застаецца дастаткова стабільнай".
Жыхарцы Магілёва пагражаюць крымінальнай справай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру
Жанчына выклала ў TikTok відэа пра тое, як нібыта прыйшла ў паліклініку а 5-й раніцы і ўбачыла там чаргу ў рэгістратуру. Ролік разышоўся па сацсетках і трапіўся на вочы адміністрацыі медустановы. Там перагледзелі запісы з камер і выявілі, што насамрэч ролік зняты на пару гадзін пазней.
Кіраўніцтва медустановы паскардзілася на "хлуслівае відэа" ў міліцыю. Галоўны ўрач лічыць, што гэта паклёп не толькі на шостую паліклініку, але і "на ўсе арганізацыі аховы здароўя". Цяпер дзяўчыне пагражаюць крымінальным артыкулам за "дыскрэдытацыю Беларусі", піша "Люстэрка".
З'явіліся некаторыя падрабязнасці пра яшчэ аднаго затрыманага "каліноўца"
20 лістапада прапагандысты паказалі кадры з затрыманым "каліноўцам" Максімам Ралько. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчына жыў у Польшчы пад міжнароднай абаронай, але з-за пытанняў бяспекі паўгады таму вырашыў пераехаць у Германію. Паведамляецца, што ў гэтай краіне ён згубіў свой пашпарт.
Як Ралько апынуўся ў Беларусі — невядома. Вядома, што дзед Максіма — супрацоўнік КДБ.
У бабруйскай калоніі зняволеным забаранілі мець камунікацыю з новапрыбыўшымі палітвязнямі
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што апошнім часам у бабруйскую ПК № 2 перавялі вялікую колькасць палітзняволеных. Паведамляецца, што іншым вязням забаронена мець любую камунікацыю з імі — нават размаўляць.
Жыхароў Гомельшчыны масава выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб "належных паводзінах" у перыяд выбараў
Як даведаўся "Флагшток", людзей прымушаюць падпісваць папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння КК і КаАП, абавязацельствы не парушаць грамадскі парадак.
Выклікі адбываюцца праз позву ці праз тэлефонны званок.