viasna on patreon

У эфіры БТ паказалі фільм пра палітвязняў палякаў і былога вайскоўца, асуджанага за "здраду дзяржаве"

2024 2024-12-04T12:16:02+0300 2024-12-04T13:44:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhyvalevski01.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дзяржтэлеканале "Беларусь 1" 3 снежня прапагандысты апублікавалі фільм "Контрвыведка КДБ Беларусі супраць спецслужбаў Польшчы. Агенты і здраднікі". У сюжэце паказалі двух грамадзян Польшчы — Томаша Бярозу і Ежы Жывалеўскага, а таксама былога вайскоўца Дзмітрыя Пазнякова, якога паводле інфармацыі "Вясны" катавалі ў папраўчай калоніі № 1. Палітвязні былі пазбаўленыя волі на працяглыя тэрміны: Пазнякоў — за "здраду дзяржаве", Бяроза — за "шпіянаж", Жывалеўскі — за "агентурную дзейнасць". "Вясна" коратка распавядае, што стала вядома пра пераслед палякаў і экс-вайскоўца.

Дзмітрый Пазнякоў

Дмитрий Поздняков

Дзмітрый — ураджэнец Узбекістана. Скончыў факультэт СПА Вайсковай акадэміі Беларусі. Служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, потым працаваў намеснікам каменданта ў Брэсцкай ваеннай камендатуры, а таксама выкладаў на вайсковым факультэце БДУ. Ёсць нават падручнік, які ён напісаў у суаўтарстве ў 2020-м.

Дзмітрыя затрымалі 9 жніўня 2023 года. 23 лістапада 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе палітвязня асудзілі паводле ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Суддзя Андрэй Лешчанка прызначыў Пазнякову 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго адправілі ў наваполацкую калонію № 1. Паводле інфармацыі "Вясны", у калоніі палітвязня катавалі з ужываннем электрашокера, прымушалі падпісваць дакументы і пустыя аркушы. Акрамя гэтага, яго неаднаразова адпраўлялі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Дома Дзмітрыя чакаюць жонка і двое дзяцей.

У сюжэце паведамляецца, што Пазнякоў "дзесьці з 2011 года" рэгулярна ездзіў у Польшчу, падчас чаго ў адным з польскіх пунктаў пропуску яго нібыта завербаваў нейкі Пётр.

На кадрах схаванай здымкі допыту Пазнякова, які праводзіўся КДБ, той распавядаў, што чалавек, які прадставіўся як "прадстаўнік спецслужбаў, працую на дзяржаву", выдаваў яму грошы пад распіскі за сустрэчы, якія адбываліся начамі ў гатэлі, пераказвае "Зеркало". Пятра цікавілі вайсковыя пытанні, потым суразмоўца Пазнякова змяніўся — той пытаўся больш пра палітыку, настроі вайскоўцаў. Акрамя Польшчы, сустракаліся ў Славакіі, Харватыі, Грэцыі — падчас адпачынкаў Пазнякова, якія ён праводзіў з сям'ёй.

Як вынікае з сюжэту, яго затрымалі, бо "была атрыманая аператыўная інфармацыя пра тое, што Пазнякоў збіраецца пакінуць Беларусь".

Томаш Бяроза

Томаш Бероза в фильме БТ

У Брэсцкім абласным судзе ў чэрвені 2023 года палітвязня асудзілі да 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў "агентурнай дзейнасці" (ч.1 арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса) і "шпіянажы" (арт. 358 Крымінальнага кодэкса). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў Сяргей Беразюк. Томаш свой тэрмін адбывае ў папраўчай калоніі № 22. Маёмасць Томаша (прычэп) была арыштаваная, як у даўжніка, і прадавалася з аўкцыёну 25 красавіка 2024 года. У Томаша ёсць двое маленькіх дзяцей.

Размова з Томашам была знятая ў агароджаным кратамі месцы, падобным на прагулачны дворык СІЗА КДБ у Мінску. Мужчына распавёў, што пяць гадоў меў зносіны з нейкім Пятром, потым той прывёз сябра, які прадставіўся як Гжэгаж — і ён меў зносіны ўжо з ім. Са словаў Бярозы, усё пачалося "дзесьці ў 2009-2010 годзе". На адной з сустрэч Пётр сказаў, што з'яўляецца супрацоўнікам польскай вайсковай выведкі. Ён пытаўся пра кошты ў краме, адсоткі ў банку, што людзі кажуць і як ставяцца да ўлады. На відэа Бяроза кажа, што яму паабяцалі: у выпадку праблем польскі ўрад яго забярэ дадому, для гэтага ён пісаў распіску аб супрацоўніцтве.

Потым паказалі аператыўную здымку праверкі паказанняў на месцы — там Бяроза распавядае, як хаваў ля слупа ў Берасці "скрынку з грашыма". А каля памежнага перахода "Казловічы" фатаграфаваў месца магчымай закладкі "на просьбу "Гжэгажа". Таксама згодна з заданнем некалькі гадзін назіраў за стаянкай ля Брэсцкага бізнес-цэнтра "Цэльсій".

У сюжэце паведамілі, што паляк мусіў перадаць грошы Пазнякову "для ўцёкаў". Ён адправіў мужчыну па пошце мяккую цацку з шасцю тысячамі долараў — пазначыў выдуманае імя. Потым у фільме прадэманстравалі затрыманне Бярозы 18 жніўня 2022 года.

Ежи Живолевски в фильме БТ
Ежы Жывалеўскі ў фільме БТ

Грамадзяніна Польшчы абвінавацілі паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць). Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Гродзенскім абласным судзе 22 сакавіка 2023 года мужчыну асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Цяпер ён знаходзіцца ў віцебскай калоніі № 3.

Жывалеўскага прапагандысты назвалі кантрабандыстам, які нібыта быў завербаваны пад псеўданімам Пасейдон на польскай мяжы палкоўнікам Аўдзіем Збігневым. Ён распавёў, што яго папрасілі купіць сім-карты — "у 2003-2004 годзе". Са словаў мужчыны, яму таксама дапамагалі хутчэй праязджаць мяжу, а яшчэ ён падпісаў нейкі дакумент аб супрацоўніцтве. Гэтага мужчыну, паводле сюжэту, нічога не аб'ядноўвае з двума папярэднімі.

Адзначым, што, нягледзячы на ​​палітычна матываваны пераслед і артыкул, паводле якога асудзілі паляка, бірка на яго форме— белая, а не жоўтая. Гэта значыць, што Ежы не стаіць на прафуліку як "схільны да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства