viasna on patreon

Чарговае затрыманне японца і абнаўленне "экстрэмісцкага спісу": хроніка пераследу 3-4 снежня

2024 2024-12-04T15:53:43+0300 2024-12-04T15:59:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kalinkaviczy-zakhodnija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3-4 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Вайсковаму аналітыку Ягору Лебядку збіраюцца ўзмацніць пакаранне

Ягор Лебядок
Ягор Лебядок

Нагадаем, суддзя Алена Міснік прызначыла палітвязню 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок "у мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі".

Ягор адбывае свой тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22, адміністрацыя якой змяшчала палітвязня ў ШІЗА.

Стала вядома, што ў Івацэвічах 11 снежня адбудзецца суд па замене Ягору рэжыму ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Васіль Аўрусевіч.


Беларуса затрымалі за татуіроўку пра "рускі ваенны карабель"

Пра гэта чацвёртага снежня адсправаздачыліся праўладныя тэлеграм-каналы.


Буйны Telegram-канал "Быть или" прызнаны "экстрэмісцкім"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 29 лістапада. На гэты Telegram-канал падпісаныя больш за 270 тысяч чалавек.

Таксама "экстрэмісцкі" спіс папоўнілі суполка ва "Аднакласніках" "И снова добрый вечер", старонкі карыстальніка "Алексей Чемоданов" у Facebook, "Аднакласніках" і "Укантакце", а таксама Telegram-канал "OSINT Бджоли +".


У Оршы праўладнага блогера 3 снежня судзілі за "пікетаванне" і "прапаганду нацызму"

dzmitryi-beljaszou_.jpg
Дзмітрый Беляшоў

35-гадовы Дзмітрый Беляшоў — дызайнер сайтаў, SEO-спецыяліст, а таксама блогер. Мужчына актыўна вядзе сваю TikTok-старонку і мае больш за 5000 падпісантаў. Як паведаміў "Витебск, я гуляю!", 1 лістапада "Люстэрка" выкарыстоўвала яго відэа ў сваім тэксце пра яму ў Оршы.

Сёння справу Беляшова разглядалі ў судзе Оршы і Аршанскага раёну. Яму былі інкрымінаваныя ч. 1 арт. 19.10 КаАП (прапаганда, выраб ці дэманстраванне нацысцкай сімволікі) і ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).

Дзмітрый на сваіх старонках выказваў сімпатыі рэжыму Лукашэнкі і высмейваў прыхільнікаў перамен. У роліках ён неаднаразова быў на розных прадзяржаўных імпрэзах. Пра сябе ён казаў: "Я — памагаты "крывавага рэжыму" Лукашэнкі! І ведаеце, ганаруся гэтым".


Супольнасць чыгуначнікаў: У Беларусі затрыманы японец, які нібыта здымаў аб'екты інфраструктуры БЧ

Паводле інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, раніцай 1 снежня на станцыі "Калінкавічы Заходнія" машыніст заўважыў чалавека, які здымае пуцеправод. Работнікі ваенізаванай аховы сумесна з супрацоўнікамі РАУС затрымалі мужчыну — грамадзяніна Японіі.

Далей затрыманы быў перададзены супрацоўнікам КДБ для далейшага разбору. На момант публікацыі імя і прозвішча дадзенага грамадзяніна, як і далейшы яго лёс, высветліць не атрымалася.

Нагадаем, у красавіку ў Беларусі за «агентурную дзейнасць» затрымалі іншага грамадзяніна Японіі — выкладчыка Масатосі Наканісі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства