Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі цэнтр канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледваньняў і Міжнародны інстытут палітычных дасьледаваньняў
22 красавіка Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў адразу дзьве незалежныя арганізацыі — Беларускі цэнтар канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледаваньняў і Міжнародны інстытут палітычных дасьледаваньняў, -- паведамляе Радыё Свабода. Абедзьве арганізацыі — дасьледчыя, але ў галінах, вельмі блізкіх да рэальнай палітыкі. Першая вядомая сваім супрацоўніцтвам з Радай Эўропы ў галіне правоў чалавека. За сем гадоў сваёй дзейнасьці Беларускі цэнтар канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледаваньняў правёў некалькі канфэрэнцыяў у гэтых праблемах, надрукаваў 30 кніг. Сярод іх такія вядомыя працы як “Адмена сьмяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь” і “Палітычныя партыі ў Рэспубліцы Беларусь”. Цэнтар таксама спрыяў таму, каб эўрапейскія стандарты ў галіне правоў чалавека шырэй ужываліся ў беларускіх законах.
Навукоўцы зь Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў вывучалі праблемы бясьпекі, міжнародных адносінаў, асаблівасьці палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Камэнтары экспэртаў інстытуту часта гучалі ў беларускіх незалежных мэдыях і за мяжой.
Абедзьве арганізацыі зьліквідаваныя паводле ініцыятывы Міністэрства юстыцыі. У адным выпадку кантралёры зь Мінюсту знайшлі хібы ў рэгістрацыйных дакумэнтах, у другім высьветлілі, што насуперак закону юрыдычны адрас знаходзіцца на прыватнай кватэры. Вярхоўны суд пагадзіўся зь Мінюстам і палічыў, што за такія парушэньні арганізацыі варта закрыць.
Супрацоўнік закрытага Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў не выключае, што ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў зьвязаная з падрыхтоўкай уладаў Беларусі да палітычных кампаніяў: “Па-першае, гэта, вядома, парлямэнцкія выбары, а па-другое, магчымы рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю што да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Улады не хацелі бы, каб нейкія незалежныя арганізацыі гэта адсочвалі. Бо гэта можа паўплываць на вынікі й даць людзям непажаданыя для ўлады зьвесткі”.