Актывіста моладзевага руху «Зубр» Аляксея Ляўковіча дапыталі па крымінальнай справе, узбуджанай у адносінах да Кацярыны Клімко і Максіма Громава за надпісы «Свабоду Марынічу!»
2 чэрвеня цэлы дзень правёў у міліцыі актывіст руху «Зубр» Аляксей Ляўковіч.
У 10 гадзінаў раніцы за ім на месца працы -- завод МАЗ – прыехаў нарад міліцыі. Спачатку Ляўковіч быў дастаўлены ў РУУС Заводзкага р-ну г. Менску, затым – у Савецкі райаддзел. Да чатырох гадзінаў дня малады чалавек сядзеў у дзяжурнай частцы. Супрацоўнікі міліцыі нічога яму не тлумачылі, толькі казалі, кааб пачакаў, «пакуль ім зоймуцца».
Затым Ляўковіча адвялі да сьледчага Яцына, які паведаміў яму, што той дастаўлены ў РУУС дзеля допыту па крымінальнай справе, узбуджанай у адносінах да Кацярыны Клімко і Максіма Громава за надпісы «Свабоду Марынічу!». Допыт цягнуўся больш за дзьве гадзіны, і выйшаў Аляксей з пастарунку толькі пасьля шасьці гадзінаў, -- паведамляе пресс-служба «Зубра».