Дэпутатаў-галадоўшчыкаў і актывістаў АГП, якія трымаюць палітычную галадоўку, наведалі амбасадары краінаў Эўразьвязу
7 чэрвеня дэпутатаў-галадоўшчыкаў і актывістаў АГП, якія трымаюць палітычную галадоўку, наведалі амбасадары краінаў Эўразьвязу: Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славаччыны, Швэцыі, Нямеччыны, Францыі Вялікай Брытаніі, а таксама кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску, прадстаўнікі “Народнай кааліцыі” “Пяцёрка плюс”, група прадпрымальнікаў. Усе яны выказалі галадоўнікам падтрымку і разуменьне іх патрабаваньняў, -- паведамляе Радыё Свабода.
Амбасадары краінаў Эўразьвязу правялі гадзінную гутарку з галадоўнікамі. Прадстаўнік Францыі Стэфан Шмялеўскі, зьвяртаючыся да дэпутатаў Валерыя Фралова, Сяргея Скрабца і Уладзіміра Парфяновіча, заявіў, што вылучаныя імі патрабаваньні “цалкам супадаюць з эўрапейскімі чаканьнямі” наконт пабудовы дэмакратычнай Беларусі.
У гэты ж дзень галадоўнікаў наведалі прадстаўнікі прадпрымальніцкай ініцыятывы “Пэрспэктыва” з многіх гарадоў Беларусі. Яны заявілі пра поўную падтрымку “мужных дзеяньняў дэпутатаў”. Прадстаўнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі прынялі рашэньне на знак салідарнасьці з патрабаваньнямі галадоўнікаў правесьці 17 чэрвеня агульнанацыянальны страйк пратэсту супраць свавольства ўладаў.
У вечаровай прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла ў двары дома па Казарменным завулку ў Менску, і сабрала каля паўсотні чалавек, не змаглі ўзяць удзел два галадоўнікі – актывісты АГП Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў. Яны не пакідаюць межаў кватэры Валерыя Фралова, дзе праходзіць агульная галадоўка, бо на вуліцы іх можа затрымаць міліцыя, каб даставіць у суд за суботняе ўсталяваньне ў гэтым двары намётаў.