Урад ЗША выказаў заклапочанасьць сітуацыяй са свабодай слова ў Беларусі.
У заяве амэрыканскага ўраду, распаўсюджанай сёньня ў беларускіх СМІ, гаворыцца, што Злучаныя Штаты хацелі б далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу, Канады і прадстаўнікоў АБСЭ у пытаньнях свабоды прэсы, каб выказаць сваю трывогу. Нядаўні прысуд рэдактару газэты Віктару Івашкевічу названы ў заяве “толькі самым апошнім выпадкам у цэлым шэрагу судовых рашэньняў, якія выклікаюць заклапочанасьць, скіраваных на ўціск свабоды прэсы”. У дакумэнце гаворыцца, што вынясеньне прысуду Івашкевічу ёсьць “парушэньнем забавязаньняў Беларусі перад АБСЭ ў адносінах свабоды самавыяўленьня і свабоды сродкаў масавай інфармацыі”. Урад ЗША заклікаў улады Беларусі перагледзець “законы аб адказнасьці за паклёп і пасяганьні на гонар і годнасьць, каб прывесьці іх у адпаведнасьць са стандартамі АБСЭ ў мэтах свабоды слова і свабоды друку”, гаворыцца ў заяве.