Горацкая раённая адміністрацыйная камісія прысудзіла актывісту мясцовага “Клюбу выбарцаў” Дзям’яну Франкоўскаму штраф за распаўсюд улётак Народнай кааліцыі “5+”
Падставай для адміністрацыйнага разьбіральніцтва паслужыла скарга старшыні Горацкага саюзу вэтэранаў сп.Маркоўскага. Ён папрасіў міліцыянтаў разабрацца зь дзейнасьцю мясцовай моладзі, якая раздае матэрыялы “Пяцёркі плюс”, і прыклаў некалькі сабраных ім улётак, на якіх не былі пазначаныя выходныя зьвесткі. Акрамя таго сп.Маркоўскі праявіў зайздросную інфармаванасьць, дакладна ўказаўшы каардынатара кампаніі распаўсюду па Горках Дзям’яна Франкоўскага, -- паведамляе прес-служба Асамблеі НДА.
Сябра мясцовага “Клюбу выбарцаў” сп.Франкоўскі пры размове з участковым не адмаўляўся ад улётак, бо палічыў несумленным хаваць свае перакананьні. Гэтаксама ён павёў сябе і на адміністрацыйнай камісіі, сябры якой доўга не маглі вырашыць, за што даваць штраф актывісту.
Як распавядае Дзям’ян Франкоўскі, сябры камісіі, перачытаўшы ўлёткі Народнай кааліцыі, спрабавалі абвінаваціць яго “хто ў чым”: “У некага нават была думка, што ўлёткі зьмяшчаюць “антыканстытуцыйныя дзеяньні”, бо выказваюцца нэгатыўна пра кантрактную сыстэму. На думку аднаго з прысутных, падобнае стаўленьне “падрывае дзяржаўную сыстэму”, – расказвае сп.Франкоўскі.
У выніку камісія пастанавіла спагнаць з абвінавачанага штраф у памеры адной базавай велічыні (19 000) паводле часткі 3 артыкула 172 КоаП РБ (парушэньне парадку распаўсюду друкаванай прадукцыі).