Салігорцы зьвярнуліся да свайго дэпутата з просьбай аб падтрымцы правак у Выбарчы кодэкс
21 чэрвеня актывісты Беларускага Хельсінскага камітэту і Аб’яднанай грамадзянскай партыі перадалі дэпутату ніжняй палаты парлямэнту ад Салігорска Пятру Калугіну заяву. У ёй больш чым 500 салігорцаў просяць дэпутата прагаласаваць заўтра за папраўкі ў Выбарчы Кодэкс, падрыхтаваныя дэпутатамі-“галадоўнікамі” і ў выпадку згоды абяцаюць падтрымаць яго на маючых адбыцца выбарах.
У заяве ў падтрымку патрабаваньняў галадоўшчыкаў, у прыватнасьці, кажацца: “Сёньня за Вамі застаецца права выбара: паступіць сумленна альбо падтрымаць валявое рашэньне ўлады. Але не забывайцеся, што аўтарытарныя кіраўнікі заўжды імкнуліся растаптаць сваіх ўчорашніх “саратнікаў”.
Падпісанты лічаць, што правядзеньне справядлівых выбараў ня толькі ў інтарэсах грамадзтва, але і ў інтарэсах сёньняшніх дэпутатаў ПП НС РБ. Таму салігорцы гарантуюць падтрымку сп.Калугіну на будучых выбарах у выпадку адстойваньня іх інтарэсаў у парляманце 22 чэрвеня.
Нагадаем, заўтра ніжняя палата парлямэнту павінна разгледзець папраўкі ў Выбарчы кодэкс, неабходныя для забесьпячэньня справядлівых і адкрытых выбараў у Беларусі.
Прэс-служба Асамблеі НДА