Заява ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у сувязі з дэпартацыяй журналіста газеты “Время” Міхаіла Падаляка
Праўленне грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" выказвае рашучы пратэст у сувязі з дэпартацыяй з краіны журналіста газеты "Время" Міхаіла Падаляка.
М. Падаляк з'яўляецца грамадзянінам Украіны, аднак жыў і працаваў у Беларусі. Раніцай 21 чэрвеня 2004 г. журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры супрацоўнікамі міліцыі і КДБ і пад аховай вывезены за межы краіны. Рашэнне аб дэпартацыі М. Падаляка было прынята Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Журналісту адмоўлена ва ўездзе ў краіну, дзе жыве яго жонка, тэрмінам на пяць гадоў.
Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Рэспублікі Беларусь паведаміў, што падставай для прыняцця рашэння аб дэпартацыі М. Падаляка стала тэндэнцыйнае асвятленне сацыяльна–палітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь у газеце "Время", "арганізатарам выпуску" якой ён з'яўляецца. "Апублікаваныя ў газеце матэрыялы ўтрымліваюць паклёпніцкія звесткі аб рэальнай сітуацыі ў краіне, заклікі да дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Беларусі", - гаворыцца ў прэс-рэлізе ЦІГС КДБ.
Насуперак патрабаванням закона "Аб іміграцыі" і Палажэнні аб парадку дэпартацыі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, М. Падаляк не быў папярэдне паінфармаваны аб прычынах будучай дэпартацыі, месцы і часе разгляду гэтага пытання кампетэнтнымі органамі. Тым самым былі парушаныя яго правы на асабістую прысутнасць пры слуханні пытання аб дэпартацыі і судовае абскарджванне прынятага рашэння.
Праўленне ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў":
-расцэньвае дэпартацыю М. Падаляка як грубае парушэнне правоў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і меркаванняў, парушэнне канстытуцыйных нормаў і міжнародна-прававых абавязальніцтваў Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды слова;
-лічыць недапушчальным гвалтоўнае ўмяшальніцтва ў прафесійную дзейнасць журналістаў і прыцягненне іх да адказнасці па-за судовай працэдурай;
-выступае супраць акту палітычнай цэнзуры, ажыццёўленай КДБ з санкцыі Пракуратуры Рэспублікі Беларусь;
-зважае на парушэнні дзейнага заканадаўства пры разглядзе і прыняцці рашэння аб дэпартацыі журналіста.
-заяўляе, што пагрозу дзяржаўнай бяспецы Рэспублікі Беларусь уяўляе не журналісцкая дзейнасць, а непадкантрольнасць спецслужбаў грамадзянскай супольнасці і неталерантнасць прадстаўнікоў улады да іншых меркаванняў.
Прынята на паседжанні
Праўлення ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" 21 чэрвеня 2004 г.