Акруговыя камісіі сфармаваныя – улады ў большасьці выпадкаў праігнаравалі заяўкі ад дэмакратычных партыяў (паводле Радыё "Свабода")
Алесь Дашчынскі, Менск
Сёньня сталі вядомы папярэднія вынікі фармаваньня акруговых выбарных камісій. Першыя зьвесткі з аблвыканкамаў сьведчаць пра тое, што ўлады ў большасьці выпадкаў праігнаравалі заяўкі дэмакратычных партый. Да прыкладу, у Магілёўскай вобласьці не прайшла ніводная з кандыдатур, прапанаваных ад партый кааліцыі “5 плюс”. У Менску прайшоў толькі адзін сябра партыі БНФ. Але ніводнага сябра АГП. У Берасьці ўлады прапусьцілі ў склад камісіі па адным сябры ад партыі БНФ, АГП і БСДП (Народная грамада).У Гомельскай вобласьці патрапілі ў выбарныя камісіі толькі тры чалавекі ад АГП, пяцёра – ад ПКБ і адзін спадар ад грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”.
У Менскім гарвыканкаме паведамілі, што амаль 52 адсоткі сябраў камісій склалі жанчыны; ад палітычных партый уключана крыху больш за 16 адсоткаў; ад грамадзкіх арганізацый – амаль 31 адсотак. Прайшлі, прыкладам, прадстаўнікі ЛДП, ПКБ, КПБ і сацыяльна-спартовай партыі.
У аргаддзеле Магілеўскага аблвыканкаму нам патлумачылі, што апазыцыйныя партыі, нібыта, вельмі дрэнна падрыхтаваліся: пераважна прапанавалі беспрацоўных ці пэнсіянэраў за 80 гадоў, няправільна аформілі дакумэнты альбо вылучылі прадстаўнікоў, якія ня маюць досьведу працы ў камісіях.Затое магілеўскія ўлады прапусьцілі праз гэтае своеасаблівае сіта па два чалавекі ад ЛДП і ПКБ.
Ад грамадзкіх аб’яднаньняў у камісіі прайшлі прадстаўнікі афіцыйных прафсаюзаў, БРСМ, саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане, Беларускага таварыства чырвонага крыжа й Беларускага аб’яднаньня вэтэранаў. Фактычна гэта пералік арганізацый, падкантрольных уладам. Значная частка зацьверджаных сябраў акруговых камісій вылучаны шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў.
Зважаючы на папярэднія лічбы, ці могуць дэмакратычныя партыі ўплываць на выбарчы працэс? Гэтае пытаньне да сябра АГП Сяргея Альфэра.
(Альфэр: ) “Канечне, адзін чалавек, на вялікі жаль, ня можа ніякім чынам уплываць на прыняцьцё рашэньня гэтай камісіяй, і таму яны, ува ўсялякім разе, будуць штампаваць тыя рашэньні, якія будуць надыктаваны
выканкамамі, наагул – уладамі”.
На момант падрыхтоўкі сюжэту БСДП (Народная грамада) мела толькі аднаго свайго сябра ў адной з акруговых камісій. Папярэднія вынікі камэнтуе старшыня Народнай Грамады Мікола Статкевіч.
(Статкевіч: ) “Відавочна, галасы будуць лічыць не ў акруговых камісіях, а на суседнім паверсе ці ў суседнім пакоі, у аргаддзеле раённых адміністрацый. Каб не перашкаджалі там лічыць галасы, пералічваць, мяняць, то не ўключаюць у акруговыя камісіі. Хутчэй за ўсё, на гэтых выбарах схема будзе такая: будуць загадзя даведзены лічбы ў кожную ўчастковую камісію, і старшыня ўчастковай камісіі павінен будзе называць гэтыя лічбы”.
У Менску ў склад выбарнай камісіі ад БНФ не ўключылі прафэсійнага юрыста, удзельніка назіраньня за выбарамі й сябра місіі АБСЭ ў справе арганізацыі выбараў у Косаве Валянціна Стэфановіча. Якую ён дае ацэнку першаму этапу выбарнай кампаніі?
(Стэфановіч: ) “Бачна, што ўлады вырашылі й настроены праводзіць працэс выбараў Палаты прадстаўнікоў так, як яны рабілі цягам некалькіх гадоў. Нам варта чакаць вельмі жорсткай кампаніі. Супрацьстаяньне паміж кандыдатамі ад апазыцыйных партый і ад улады будзе вельмі жорсткім. І натуральна, што ўвесь працэс будзе праходзіць пад кантролем выканаўчай улады”.
***
На мінулых парлямэнцкіх выбарах у 2000 годзе ў склад акруговых выбарчых камісіяў з палітычных партыяў патрапілі толькі прадстаўнікі абедзьвюх “кампартыяў” і лібэрал-дэмакраты. Усяго сярод 1400 сябраў акруговых выбарчых камісіяў было 59 камуністаў у ПКБ, 38 – з прапрэзыдэнцкай КПБ, і 29 сябраў ЛДП.