viasna on patreon

ЗАЯВА ЎПРАВЫ ПАРТЫІ БНФ ПА ВЫНІКАХ ФАРМАВАНЬНЯ АКРУГОВЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ

2004 2004-08-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Управа Партыі БНФ канстатуе, што з 78 кандыдатаў ад партыі, вылучаных Соймам Партыі БНФ, у склад акруговых выбарчых камісіяў былі ўключаныя толькі 6 чалавек, што складае каля 7,7% ад прапанаваных.

Управа Партыі БНФ лічыць, што такое рашэньне ўладных структураў, якія займаліся фармаваньнем выбарчых камісіяў, сьведчыць пра іх цьвёрдае жаданьне пазьбегнуць кантролю працы камісіяў з боку палітычна актыўнай і дэмакратычна настаўленай часткі грамадзтва. Вынікі фармаваньня акруговых выбарчых камісіяў у чарговы раз дэманструюць нежаданьне сёньняшніх уладаў Беларусі прытрымлівацца агульнапрынятых дэмакратычных працэдураў падчас падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў і іх імкненьне пакінуць для сябе магчымасьці незаконнай адмовы ў рэгістрацыі не пажаданым для ўлады кандыдатам у дэпутаты, а таксама фальсіфікацыі вынікаў выбараў на этапе падліку галасоў.

Управа Партыі БНФ таксама ацэньвае гэтыя в ынікі як доказ усьведамленьня ўладамі сваёй слабасьці і непапулярнасьці ў грамадзтве, бо недапушчэньне апанэнтаў рэжыму да ўдзелу ў працэдуры падвядзеньня вынікаў галасаваньня па акругах сьведчыць пра іх няўпэўненасьць у магчымасьці “чыстай” перамогі папярэдне вызначаных “кандыдатаў ад улады”.

Управа Партыі БНФ мяркуе, што такія дзеяньні ўладаў ёсьць чарговым выклікам сусьветнай дэмакратычнай супольнасьці, зьдзеклівым адказам беларускага кіраўніцтва на нядаўняе “Эдынбургскае пагадненьне”, заключанае паміж прадстаўнікамі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Палаты прадстаўнікоў НС РБ. Па-іншаму цяжка кваліфікаваць выкананьне літары пагадненьня (уключэньне прадстаўнікоў ПБНФ у склад камісіяў) пры адначасовым ігнараваньні яго сутнасьці (сярэдні ўдзел прадстаўнікоў партыі ў гэтых камісіях, – па 1 чалавеку на вобласьць, - пазбаўляе яе магчымасьці актыўна ўдзельнічаць у працы найважнейшых выбарчых органаў).

Нягледзячы на тое, што вынікі фармаваньня акруговых выбарчых камісія ў ясна дэманструюць нежаданьне ўладаў Беларусі забясьпечыць выкананьне крытэрыяў роўнасьці шанцаў, празрыстасьці і дэмакратычнасьці выбараў у Палату прадстаўнікоў, Партыя БНФ па-ранейшаму рашуча настаўленая на ўдзел у гэтым мерапрыемстве, якое ва ўмовах аўтарытарнага нэасавецкага рэжыму ёсьць адной з рэдкіх магчымасьцяў легальнага кантакту з большасьцяй насельніцтва краіны і данясеньня да яго нашых поглядаў і ідэяў.

Управа Партыі Беларускага Народнага Фронту

Менск, 2 жніўня 2004.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства