2 жніўня рашэньнем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ліквідаваная Партыя працы.
Пра гэта паведаміла Беларуская служба Радыё Свабода. Міністэрства юстыцыі абвінаваціла Партыю працы ў парушэньні заканадаўства, а менавіта: Партыя працы доўгі час ня мела юрыдычнай адрэсы, апошні партыйны зьезд, на думку Мін’юсту, прайшоў з парушэньнямі закону і ёсьць нелегітымным, шэраг рэгіянальных структураў партыі былі зарэгістраваныя несвоечасова ці не належным чынам, партыя мяшалася ў дзейнасьць прафсаюзаў.
Усе абвінавачваньні судзьдзя Ганна Сакалоўская прызнала абгрунтаванымі й вынесла рашэньне аб ліквідацыі Партыі працы.
Лідэр Партыі працы Аляксандар Бухвостаў пракамэнтаваў судовае рашэньне карэспандэнту Радыё Свабода Альгерду Невяроўскаму: “ Я лічу, што гэта палітычная замова – пачатак ліквідацыі апазыцыйных палітычных партыяў. Мы будзем аспрэчваць гэтае рашэньне, пададзім скаргу кіраўніцтву Вярхоўнага суду. Але зь іншага боку, гэтае рашэньне нас ня спыніць. Мы будзем удзельнічаць у выбарчай кампаніі”.
Пасьля ліквідацыі Партыі працы ў Беларусі засталося 17 легальных палітычных партыяў.