viasna on patreon

Грэцыя забараніла ўезд на сваю тэрыторыю міністру спорту Юрыю Сівакову (Радыё Свабода)

2004 2004-08-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грэцыя не дазволіла ўезд на сваю тэрыторыю міністру спорту й турызму Юрыю Сівакову, які меўся ўзначальваць беларускую дэлегацыю на Алімпійскіх гульнях у Афінах. Падставай для гэтага паслужыла сёлетняя справаздача дакладчыка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса, дзе гаворыцца пра магчымую датычнасьць спадара Сівакова да зьнікненьняў вядомых людзей.

Як паведаміў Радыё Свабода адзін з чыноўнікаў Эўразьвязу, які пажадаў захаваць ананімнасьць, рашэньне грэцкіх уладаў было ўзгодненае з прадстаўнікамі ўсіх іншых краінаў зьвязу. Чакаецца, што хуткім часам прэзыдэнцтва Эўразьвязу зробіць афіцыйную заяву з гэтай нагоды.

Нагадаем, у 1999 годзе зьніклі былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка, былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і яго сябар – бізнэсовец Анатоль Красоўскі. У 2000 годзе зьнік журналіст Зьміцер Завадзкі.

Сярод рэкамэндацыяў у сёлетняй справаздачы дакладчыка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса была прапанова распачаць крымінальнае расьсьледаваньне каб высьветліць мажлівую датычнасьць службовых асобаў у Беларусі да зьнікненьняў. Сярод іх, акрамя спадара Сівакова, які ў свой час быў міністрам унутраных спраў, цяперашні генэральны пракурор Віктар Шэйман і палкоўнік ўнутраных войскаў Зьміцер Паўлічэнка.

Рашэньне аб забароне на ўезд Юрыя Сівакова ў Грэцыю мы папрасілі пракамэнтаваць старшыню камісіі ў справе Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ёнаса Чэкуоліса.

(Чэкуоліс: ) “Гэтае рашэньне можа быць вынікам дыскусіяў, якія мы мелі ў парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў красавіку сёлета, калі мы абмяркоўвалі сытуацыю са зьніклымі грамадзкімі дзеячамі ў Беларусі. У справаздачы кіпрскага дэпутата спадара Пургурыдэса ў гэтым пытаньні якраз і называліся прозьвішчы асобаў, якія могуць быць датычнымі да гэтых зьнікненьняў. Сівакоў – гэта адно з гэтых прозьвішчаў. Мы ўдзячныя эўрапейскім арганізацыям, эўрапейскім дзяржавам за тое, што яны зьвярнулі ўвагу на наша выснову, на выснову Рады Эўропы”.

Аляксей Знаткевіч і Юры Дракахруст, Радыё Свабода, Прага

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства