Брэсцкі абласны суд адмяніў папярэджаньне, вынесенае судом Маларыцкага раёну дэпутату мясцовага райсавету, юрысту Праваабарончага цэнтру “Вясна”, сябру Партыі БНФ Уладзіміру Малею.
Папярэджаньне было вынесенае Ўладзімеру Малею за правядзеньне 25 красавіка ў вёсцы Струга сустрэчы з выбаршчыкам, якая тычылася будаўніцтва могільніку радыяактыўных адкідаў. Сустрэча дэпутата Маларыцкага райсавету Ўладзімера Малея з выбаршчыкамі была ўспрынятая мясцовымі супрацоўнікамі міліцыі, а пазьней і судом, як несанкцыянаваны сход, за што дэпутат мусіць несьці адміністрацыйную адказнасьць. Насуперак нормам заканадаўства справа разглядалася ў адсутнасьці спадара Малея, які паведаміў, што ня зможа ў вызначаны час прысутнічаць у судзе.
Нязгодны з судовым рашэньнем Уладзімір Малей напісаў скаргу на імя старшыні Брэсцкага абласнога суда.
У выніку пастанова суда Мларыцкага раёну была адмененая ў сувязі з тым, што “згодна ч.2 арт.247 КаАП РБ пры разглядзе справаў аб адміністратыўным правапарушэньні, прадугледжаным арт. 167-1 КаАП, прысутнасьць асобы, якая прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасьці, абавязковая”.
Адміністратыўная справа Уладзіміра Малея накіраваная на новы разгляд – “у той жа суд іншаму суддзі”, “пры новым разглядзе трэба прыняць рашэньне ў адпаведансьці з законам” (так сказана ў пастанове)” .