Фільтр для адсеву непажаданых для ўладаў кандыдатаў спрацаваў
Пасьля заканчэньня працэсу рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, які завершыўся 17 жніўня 2004 года, сябры Праваабарончыага цэнтру “Вясна” прааналізавалі вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, параўнаўшы іх з вынікімі папарэдніх рэгістрацыяў групаў падчас выбараў ў Палату ў 2000 годзе і мясцовых выбараў у 2003 годзе.
Такім чынам, 4 гады таму на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у працэнтных адносінах было незарэгістравана 2,66% ініцыятыўных групаў, а на выбарах у мясцовыя саветы 2003 года, адпаведна, 0,48%.
Каментуючы 11,5% незарэгістраваных ініцыятыўных групаў пад час цяперашняй выбарчай кампаніі, старшыня Праваабарончага цэнтру Алесь Бяляцкі адзначае, што лічбы гавораць самі за сябе. Колькасьць адсеяных ініцыятыўных групаў у параўнаньні з папярэднімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў павялічылася больш чым у 4 разы! Пры гэтым, абсалютная большасць іх была створаная незалежнымі ад уладаў грамадзянамі. Гэта выразна сьведчыць пра спланаваную кампанію нерэгістрацыі ініцыятыўных групаў непажаданых для ўладаў асобаў, праведзеную выканаўчымі ўладамі і акруговымі камісіямі, якія знаходзяцца пад іхнім поўным кантролем.
Такім чынам выканаўчыя ўлады расчышчаюць выбарчую прастору для выкананьня “пажаданьня” А.Лукашэнкі. Пра гэта недвухсэнсоўна сказаў у інтэрвью гарадзкой газеце “Віцьбічы” старшыня віцебскага аблвыканкаму Уладзімір Андрэйчанка, вобласьці дзе адзін з найбольшых працэнтаў (18,68%) незарэгістраваных ініцыятыўных групаў: “Ёсьць і канкрэтныя даручэньні прэзідэнта краіны: законнымі метадамі забясьпечыць пераемнасьць, стабільнасьць заканадаўчай улады, пашырэньне удзелу жанчын і моладзі ў працы парламенту”. Цяпер мы можам бачыць якімі “законнымі” метадамі дзейнічаюць выканаўчыя ўлады.
Падсумоўваючы вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, Праваабарончы Цэнтр “Вясна” заявіў, што:
1. Відавочна праводзіцца спланаваная ўладамі кампанія запалохвання і ціску на сябраў ініцыятыўных груп прадстаўнікоў дэмакратычных партый і грамадска-палітычных дзеячоў, якія прапаноўваліся для вылучэння ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
2. Мае месца грубае ўмяшальніцтва органаў выканаўчай улады у выбарчы працэс і парушэнне выбарчага заканадаўства з боку выбарчых камісіяў.
3. На дадзеным этапе выбарчы працэс не адпавядае міжнародным стандартам правядзення выбараў: прынцыпам галоснасці, адкрытасці, а таксама назіраецца грубае парушэнне прынцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах, выбарчых правоў грамадзян краіны.