У Гомелі збор подпісаў у студэнцкіх інтэрнатах кантралююць адміністрацыя і міліцыя
2 верасьня ўвечары замест збору подпісаў у гомельскім студэнцкім інтэрнаце №1 прэтэндэнт у кандыдаты парлямэнту Юрась Глушакоў вымушаны быў даваць тлумачэньні міліцыі.
Студэнцкі інтэрнат №1, куды прыйшлі Юрась Глушакоў і сябра ягонай ініцыятыўнай групы па збору подпісаў Андрэй Аксёнаў, належыць Гомельскаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны.
Дзяжурная інтэрнату Тацяна Караткова і камэндант не пярэчылі збору подпісаў, аднак патрабавалі гэта ўзгодніць з унівэрсытэцкім начальствам. Інфармацыя дайшла да намесьніка кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Юрыя Лашкевіча. Неўзабаве ў інтэрнат прыехалі прарэктар Сяргей Ханеня і нарад міліцыі. Але паколькі Юрась Глушакоў зьяўляецца яшчэ і дзейным дэпутатам гарсавету, міліцыя ня стала яго затрымліваць.
Збор подпісаў аднак прыйшлося спыніць.
Паводле Радыё Свабода