Намесьніку старшыні АГП Сяргею Альферу вынесенае папярэджаньне
Выбарчая камісія Паўдзённа-заходняй акругі №100 сёньня вынесла папярэджаньне патэнцыйнаму кандыдату ў дэпутаты Сяргею Альферу, -- паведаміла Радыё Свабода.
У камісію быў прадстаўлены акт выманьня з паштовай скрынкі дома па вуліцы Алібегава ўлёткі й каляндарыка з партрэтам спадара Альфера. Выманьне праводзілася 8 верасьня ўчастковым міліцыянтам.
Камісія вырашыла, што гэта зьяўляецца актам датэрміновай агітацыі, і вынесла спадару Альферу папярэджаньне. Для адмовы ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты патрэбныя два такія папярэджаньні.
Спадар Альфер заявіў, што агітацыйная прадукцыя ад імя “Пяцёркі” распаўсюджвалася яшчэ да абвяшчэньня выбараў:
(Альфер: ) “Камісія не прадставіла ніякіх доказаў, што гэтыя ўлёткі былі раскіданыя падчас правядзеньня выбарчай кампаніі. Я лічу, што гэта была проста замова з боку ўлады, якая хоча любым чынам зьняць кандыдатаў ад апазыцыі, што могуць як скласьці канкурэнцыю кандыдатам ад улады, так і дастаткова актыўна працаваць супраць бестэрміновага прэзыдэнцтва Лукашэнкі на маючым адбыцца рэфэрэндуме”.
Сяргей Альфер зьбіраецца абскардзіць рашэньне акруговай камісіі ў ЦВК.