Давераным асобам кандыдата Партыі БНФ Рыгора Кастусёва пагражаюць звальненьнем і налічаюць штрафы. Шклоўская вертыкаль спусьціла загад забясьпечыць 60 адсоткаў датэрміновага галасаваньня
Кандыдат БНФ у Шклове Рыгор Кастусёў паведаміў, што інфармацыя пра загад забясьпечыць у Бялыніцкім раёне 60 адсоткаў датэрміновага галасаваньня яшчэ раз пацьвердзілася. Такую ж інфармацыю і па Шклоўскаму раёну кандыдат атрымаў з уладных крыніцаў днём пазьней.
“У Шклоўскім раёне таксама дадзеная каманда забясьпечыць 60 адсоткаў датэрміновага галасаваньня, — адзначыў Рыгор Кастусёў. — Кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў ужо даведзенае заданьне, каб тыя забясьпечылі такія паказчыкі”.
Як распавялі Рыгору Кастусёву, кіраўнік Бялыніцкага райвыканкаму Ільянаў прыгразіў: “Крый божа, ня выйграе Канаплёў, я вас усіх павыганяю з працы”.
Сёньня, 6 кастрычніка, Рыгор Кастусёў сустракаўся са сваёй даверанай асобай Мікалаем Цумаравым з вёскі Цяхцін Бялыніцкага раёну. Ён працуе загадчыкам га спадарчай часткі ў Цяхцінскай сярэдняй школе. Цумараў паведаміў кандыдату, што яго выклікала дырэктарка школы Лілія Шакура і папярэдзіла, што намесьнік старшыні Бялыніцкага райвыканкаму Гузьнякоў даў каманду звольніць Мікалая Цумарава з працы.
5 кастрычніка адміністрацыйная камісія Шклоўскага райвыканкаму аштрафавала на 5 базавых адзінак (95 тысячаў рублёў) Аляксандра Шчарбака, давераную асобу кандыдата, за распаўсюд перадруковак з інтэрнэту, якія, як камісія дала тлумачэньне, чарняць іншага кандыдата. У перадрукоўках падаецца сьпіс мільянэраў, дзе ёсьць і Канаплёў, канкурэнт Рыгора Кастусёва.
Пры вобыску, які ўчынілі міліцыянты, у Аляксандра Шчарбака нічога не знайшлі. Камісія вынесла рашэньне на падставе пісьмовых паказаньняў двух чалавек аб тым, што Шчарбак даваў ім гэтыя ўлёткі.
На падставе пісьмовага сьведчаньня адміністрацыйная камісія ў Бялынічах аштрафавала на 5 базавых адзінак і Барыса Вырвіча з вёскі Машчаніца, таксама памочніка Рыгора Кастусёва. Чалаве к даў паказаньні, што атрымаў ад Вырвіча ўлётку “Пяцёркі плюс”. Пры вобыску ў Вырвіча знайшлі зуброўскія і “пяцёрачныя” ўлёткі. Ператрус праводзіўся без ордэру.
У яшчэ адной даверанай асобы, Рыгора Куксава з вёскі Фашчаўка Шклоўскага раёну, былі сканфіскаваныя некалькі зуброўскіх газэтаў і перадрукоўкі пра мільянэраў. Ордэру на вобыск у міліцыянтаў таксама не было. Давераная асоба не пацярпела, а кандыдату Кастусёву Шклоўская акруговая камісія вынесла папярэджаньне за ганьбу гонару “іншага кандыдата”.
Прэс-група Партыі БНФ