viasna on patreon

Сяргея Салаша бяруць у распрацоўку

2007 2007-06-26T15:14:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Цягам двух апошніх дзён у барысаўскую раённую пракуратуру на допыты выкліканыя васьмёра мясцовых апазыцыйных актывістаў, паплечнікаў лідэра барысаўскай суполкі Партыі БНФ Сяргея Салаша. Позвы ў пракуратуру атрымалі Зьміцер Бабіцкі, Сяргей Сацук, Зьміцер Мацельскі, Алег Мацкевіч і іншыя, паведамляе “Наша ніва”.

На позвах не напісана ў якасьці каго ўсе яны выклікаюцца ў пракуратуру. Калі Алег Мацкевіч запытаўся пра гэта, яму сказалі, што выклікаюцца «проста так, па справе дзейнасьці Сяргея Салаша». На пытаньне Мацкевіча, ці крымінальная гэта справа, у пракуратуры не адказалі. Яшчэ ніхто з выкліканых на допыты не хадзіў, першым у чацьвер мае пайсьці менавіта Алег Мацкевіч. Справу будзе весьці сьледчая І.Пашкевіч.

Сам Сяргей Салаш наступным чынам камэнтуе гэтую сытуацыю: «Відавочна, што спэцслужбы ўзялі мяне ў распрацоўку. Цяпер спрабуюць «прышыць» мне нейкія незаконныя дзеяньні. Кажуць, што мяне шукаюць з красавіка, але ніякіх папер ці выклікаў у пракуратуру я не атрымліваў. Для мяне абсалютна зразумела, што гэта ўсё зьвязана зь сёлетнімі мясцовымі выбарамі. Калі нашай камандзе атрымалася правесьці досыць удалую выбарчую кампанію. Мясцовая вэртыкаль зразумела, што мы ў стане перамагаць».

Нагадаем, што першапачаткова пасьля мясцовых выбараў прайшла інфармацыя пра перамогу на адным з барысаўскіх участкаў эканаміста Зьмітра Бабіцкага, аднак літаральна праз два дні высьветлілася, што на 22 галасы перамог ягоны канкурэнт. Сяргей Салаш тады быў кіраўніком ініцыятыўнай групы Бабіцкага. За некалькі дзён да галасаваньня Салаша асудзілі да пяці сутак арышту за дробнае хуліганства, ён выйшаў з ІЧУ ўжо пасьля галасаваньня.

«Калі яны сапраўды хочуць завесьці на мяне нейкую крымінальную справу, то яны пралічацца. Гэта атрымае вялікі розгалас ня толькі ў Барысаве і Беларусі, але, думаю, і ва ўсёй Эўропе», — кажа Сяргей Салаш.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства