viasna on patreon

Прававое палажэнне падазраваных і абвінавачваных у крымінальным працэсе

2007 2007-06-26T15:26:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Хто з'яўляецца абвінавачваным і падазраваным?

 У дадзеным раздзеле мы ставім задачу падрабязна акрэсліць прававы статус падазраваных і абвінавачваных. Дадзеныя асобы заўсёды знаходзяцца ў стрэсавай сітуацыі, паколькі яны трапляюць пад ціск следчых органаў, пракуратуры. Часта падазраваныя ці абвінавачваныя да прысуду суда знаходзяцца за кратамі, яны ізаляваныя ад сваіх сваякоў, сяброў і ўсяго грамадства.
     
     Праваабаронцы павінныя сыходзіць з таго, што ніхто не можа быць прызнаны вінаватым пакуль не ўступіць у сілу прысуд суда. Мы павінны заўсёды памятаць, што беларускае крымінальнае заканадаўства мае пэўныя хібы. На жаль, частымі бываюць выпадкі, калі супрацоўнікі следчых органаў не валодаюць дастатковымі ведамі. Маюць месца і судовыя памылкі пры вынясенні прысудаў. Таму мы паспрабуем дапамагчы ў гэтым раздзеле як тым асобам, якія патрапілі ў складанае становішча, так і праваабаронцам, якія адсочваюць парушэнні заканадаўства ў крымінальным працэсе.
     
     Спачатку нам неабходна вызначыцца з тэрмінамі падазраваны і абвінавачваны.
     Падазраваным з'яўляецца асоба, якая затрымана па падозранні ў здзяйсненні злачынства альбо асоба, у адносінах да якой следчымі органамі ўзбуджаная крымінальная справа ці вынесена пастанова пра:
     - ужываньне мераў стрымання да прыцягнення ў якасці абвінавачванага;
     - прыцягненне ў якасці падазраванага. Абвінавачваным з'яўляецца асоба, у адносінах да якой вынесена пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачванага. Абвінавачваны, як і падазраваны, можа з'явіцца толькі пры ўзбуджэнні крымінальнай справы.

 

Парадак узбуджэння крымінальнай справы

     Узбуджэнне крымінальнай справы з'яўляецца першай стадыяй крымінальнай справы. Менавіта з гэтай стадыі і пачынаецца крымінальна-працэсуальная дзейнасць.
     Узбуджэнне крымінальнай справы - пачатковая стадыя крымінальнага працэсу, падчас якой, у сувязі з інфармацыяй, што маецца аб здзяйсненні ці падрыхтоўцы да здзяйснення злачынства, следчыя органы (следчы, орган дазнання, пракурор) шляхам праверкі дадзенай інфармацыі ўстанаўліваюць наяўнасць падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы і прымаюць адпаведнае рашэнне.
     
     Крымінальная справа можа быць узбуджана толькі ў выпадку, калі для гэтага ёсць неабходныя падставы:
     1. Заява грамадзян.
     2. Яўка з павіннай.
     3. Паведамленне аб злачынстве ў СМІ.
     4. Непасрэднае выяўленне следчым органам звестак, якія ўказваюць на прыкметы злачынства.
     5. Паведамленне службовых асобаў дзяржаўных устаноў, прадпрыемстваў, арганізацыяў, грамадскіх аб'яднанняў.
     
     Пры наяўнасці такіх падстаў следчыя органы ацэньваюць інфармацыю і прымаюць рашэнне ўзбуджаць ці не крымінальную справу.
     
     Пры паступленні заявы ад грамадзянаў ці іншай інфармацыі аб злачынстве следчыя органы абавязаны прыняць і зарэгістраваць такую заяву ці інфармацыю. Такая інфармацыя павінна быць разгледжана не пазней трох сутак з моманту атрымання. Толькі ў выпадку, калі неабходна спецыяльная праверка, рашэнне прымаецца на працягу дзесяці сутак. Гэтая норма закона найчасцей і выкарыстоўваецца. Закон не дае тлумачэння, што з'яўляецца дадатковай праверкай, і таму следчыя органы амаль заўсёды ўзбуджаюць (ці адмаўляюць ва ўзбуджэнні) крымінальную справу на працягу дзесяці сутак. Але ж, калі асоба затрыманая непасрэдна па падозранні ў здзяйсненні злачынства, тады рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы прымаецца на працягу 12 гадзінаў. Для дадзенай катэгорыі падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы на працягу 12 гадзінаў з'яўляюцца:
     - калі асобу затрымалі пры непасрэдным здзяйсненні злачынства ці адразу пасля такога здзяйснення;
     - калі відавочцы злачынства ці пацярпелы наўпрост пакажуць на асобу, якая здзейсніла злачынства, ці самі затрымаюць такую асобу;
     - калі на самой асобе, яе рэчах, вопратцы, на працоўным месцы, у жыллі ці іншых памяшканнях, якія ёй выкарыстоўваюцца, будуць заўважаныя відавочныя сляды, што наўпрост паказваюць на яе ўдзел у злачынстве;
     - калі ёсць іншыя дастатковыя падставы падазраваць асобу ў здзяйсненні злачынства пры ўмове, што яна спрабавала знікнуць з месца злачынства ці ад следчых органаў, ці не мае пастаяннага месца жыхарства, ці калі немагчыма ўстанавіць асобу.
     
     У вышэйназваных выпадках затрыманне можа праводзіцца да ўзбуджэння крымінальнай справы, але пытанне пра ўзбуджэнне павінна быць вырашанае на працягу 12 гадзінаў з моманту затрымання. Калі на працягу 12 гадзінаў будзе адмоўлена ці не вырашана ўзбуджаць ці не крымінальную справу, затрыманая асоба павінна быць вызвалена з-пад варты. У выпадку, калі крымінальная справа была ўзбуджана, затрыманне не можа быць больш 72 гадзінаў (3 сутак) без вырашэння пытання аб ужыванні меры стрымання (па-кіданне пад вартай, падпіска аб нявыездзе, хатні арышт ці інш.). Калі такое рашэнне не прынятае, асоба павінна быць вызваленая з-пад варты. У пералічаных вышэй выпадках і ўжыванні меры стрымання на працягу 10 сутак з моманту затрымання асобе павінна быць прад'яўлена абвінавачанне.
     
     Пры падачы заявы з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу заяўляльніку павінен быць выдадзены дакумент аб рэгістрацыі заявы. Трэба ведаць, што неабгрунтаваную адмову ва ўзбуджэнні кры-мінальнай справы можна абскардзіць у пракуратуры. Таксама ў пракуратуры можна абскардзіць і матываваную адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Новай нормай у працэсуальным заканадаўстве з'яўляецца тое, што пры падозранні ў здзяйсненні злачынства, якое ўзнікла непасрэдна, напрыклад, у выпадку затрымання на месцы злачынства з яўнымі слядамі злачынства, арт. 108 КПК дазваляе прыцягваць у якасці падазраванага без узбуджэння крымінальнай справы.
     
     Зыходзячы з вышэйназванага, калі Вы сталі ахвярай злачынства ці Вам стала вядома пра здзяйсненне ці падрыхтоўку злачынства, Вы павінны звярнуцца з заявай у аддзелы міліцыі ці пракуратуру. На падставе гэтай заявы і прымаецца рашэнне аб узбуджэнні справы. Трэба добра памятаць, што пры падачы ў заяве загадзя ілжывых, паклёпніцкіх звестак, Вы прыцягваецеся да крымінальнай ад-казнасці за паклёп.
     
     Разам з міліцыяй і пракуратурай правам узбуджэння крымінальных спраў у межах сваёй кампетэнцыі валодаюць КДБ, Дэпартамент фінанасавых даследванняў пры Камітэце дзяржаўнага кантролю.
     
     У выпадку, калі Вам адмовілі ва ўзбуджэнні справы, можна абскардзіць дадзеную адмову ў пракуратуры ці звярнуцца з заявай у суд. Заканадаўства не прадугледжвае такой нормы, як абскарджанне ў судзе адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, і таму раённыя суды адмаўляюць у задавальненні такога абскарджання, тлумачачы, што дадзеная спрэчка не падведамасная суду. Але вышэйстаячыя суды (абласны, г. Мінска, Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь) найчасцей пацвярджае такое права, зыходзячы з таго, што КПК дазваляе абскарджваць ў судзе ўзбуджэнне крымінальнай справы, і таму трэба распаўсюджваць гэтую норму і на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Судовая практыка ўжо мае такія працэсы, дзе суд абавязваў следчыя органы ўзбудзіць крымінальную справу.
     
     Пры прыняцці рашэння аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы следчы орган выносіць матываваную пастанову. Такая пастанова перадаецца заяўляльніку.
     
     Зараз мы разглядзім непасрэдна самую працэдуру ўзбуджэння крымінальнай справы.
     
     Пры наяўнасці падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы следчы (органа дазнання ці пракуратуры) выносіць пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы. Часцей за ўсё ў дадзенай пастанове не ўказваецца, супраць якой канкрэтна асобы ўзбуджаная крымінальная справа, а ўказваецца, што справа ўзбуджаная па факце здзяйснення злачынства. Гэта абумоўлена тым, што на этапе ўзбуджэння крымінальнай справы невядома, кім непасрэдна здзейснена злачынства, а дакладна ўстаноўлена, што такі факт меў месца. Так-; сама трэба ўлічваць, што ў дадзенай практыцы праяўляецца ўхіл на і павагу да прэзумцыі невінаватасці, якая прадугледжвае наяўнасць адпаведных падстаў для прыцягнення асобы ў якасці падазраванага ці абвінавачванага. Таксама закон прадугледжвае ўзбуджэнне крымінальнай справы толькі ў адносінах да канкрэтнай асобы ў некаторых злачынствах. Напрыклад, супраць прызыўніка, які наўмысна ўхіляецца ад службы ў войску, узбуджаецца канкрэтная крымінальная справа. Яшчэ адным прыкладам узбуджэння канкрэтнай крымінальнай справы можа быць ухіленне асобы ад утрымання непаўнагадовых дзяцей (выплата аліментаў).
     
     У пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы ўказваецца час, месца яе вынясення, кім яна складзена, падставы да ўзбуджэння справы, канкрэтны артыкул КК, па якім узбуджаная крымінальная справа.
     
     Копія пастановы па патрабаванні падазраванага ўручаецца яму. 3 моманту ўзбуджэння крымінальнай справы пачынаецца наступная стадыя крымінальнага працэсу - папярэдняе следства.

Папярэдняе следства

     Папярэдняе следства ўключае ў сябе ўсе аспекты расследвання злачынства да перадачы справы ў судовыя органы. Папярэдняе следства мае свае працэсуальныя тэрміны і не можа цягнуцца бясконца. Асноўны тэрмін папярэдняга следства ўключае ў сябе 2 месяцы. Толькі па некаторых справах прадугледжаны больш кароткі тэрмін да 1 месяцу. Дадзеныя тэрміны могуць быць працягнутыя:
     1. Да трох месяцаў (тэрмін 2 месяцы, які прадугледжаны для следства, не ўлічваецца асобна, у дадзеным выпадку дадаецца яшчэ 1 месяц для дадатковага расследвання). Гэты тэрмін мае права працягнуць толькі пракурор раёна, горада ці іх намеснікі.
     2. Да шасці месяцаў. Гэты тэрмін мае права працягнуць пракурор вобласці, г. Мінска ці іх намеснікі.
     3. Далейшае працягненне тэрміпа папярэдняга следства прадугледжана толькі ў выключных выпадках з дазволу Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь ці яго намесніка.
     
     Закон не прадугледжвае максімальнага тэрміна папярэдняга следства, аднак яно можа працягвацца толькі ў межах тэрміна даўніны, які вызначаны для прыцягнення асобы да крымінальнай адказнасці.
     
     Папярэдняе следства заканчваецца вынясеннем пастановы аб перадачы крымінальнай справы пракурору для накіравання ў суд (таксама магчыма спыненне крымінальнай справы і інш.).
     
     Следчыя дзеянні маюць канкрэтныя працэсуальныя формы, а менавіта: асведчанне, агляд, вобыск, выманне, допыт, вочная стаўка, прадстаўленне для апазнання, праслухоўванне і запіс перамоў, следчы эксперымент, праверка паказанняў на месцы, прызначэнне і правядзенне экспертызы, накладанне арышту на паштовую ды іншую інфармацыю. Усе следчыя дзеянні павінныя быць аформлены пратаколам.
     
     У такіх следчых дзеяннях, як агляд жылля, асведчанне (калі яно суправаджаецца распрананнем асобы, а следчы з'яўляецца асобай іншага полу), вобыск, апазнанне, праверка паказанняў на месцы, абавязаныя прысутнічаць панятыя. У іншых катэгорыях следчых дзеянняў не абавязковая, але магчымая прысутнасць панятых.
     
     Паняты - не зацікаўленая ў выніку крымінальнай справы паўнагадовая асоба, якая прысутнічае пры канкрэтных следчых дзеяннях для вызначэння правільнасці і кантролю за законнасцю з боку следчых органаў.
     
     Перад правядзеннем канкрэтнага следчага дзеяння следчы тлумачыць панятым мэту следчага дзеяння, іх правы і абавязкі. Панятыя павінны быць папярэджаныя аб адказнасці за невыкананне без здавальняючых прычынаў сваіх абавязкаў і непадпарадкаванне законным патрабаванням следчага. Пра такую адказнасць робіцца адзнака ў пратаколе следчых дзеянняў.
     
     Правы панятога:
     - рабіць па сутнасці следчых дзеянняў заявы і заўвагі, якія абавязкова павінны быць занесеныя ў пратакол;
     - падпісваць пратакол следчага дзеяння толькі ў той частцы, якая датычыць таго, што ён асабіста ўбачыў і ўспрыняў;
     - атрымліваць кампенсацыю стратаў, якія звязаныя з яго ўдзелам у следчых дзеяннях;
     - знаёміцца з пратаколам следчых дзеянняў, у якіх асабіста ўдзельнічаў;
     - ведаць, у правядзенні якога следчага дзеяння ён удзельнічае, хто кіруе ў яго вытворчасці.
     
     Абавязкі панятога:
     - з'яўляцца па выкліках следчага;
     - паведамляць аб сваіх адносінах з асобамі, якія ўдзельнічаюць у следчым дзеянні;
     - пацвярджаць сваім подпісам у пратаколе факт правядзення следчага дзеяння, яго вынікі;
     - не распаўсюджваць звесткі аб абставінах справы.
     
     Паняты таксама можа быць дапытаны ў якасці сведкі па абставінах, якія звязаныя са следчым дзеяннем, у якім ён удзельнічаў.
     
     Следчыя органы часта злоўжываюць парушэннямі парадку правядзення следчых дзеянняў з удзелам панятых. Часта ў якасці панятых выступаюць супрацоўнікі міліцыі. Гэта, на думку праваабаронцаў і незалежных юрыстаў, недапушчальна, паколькі супрацоўнікі міліцыі, якія выступаюць панятымі, не могуць гарантаваць законнасць і бесстароннасць у правядзенні следчых дзеянняў. Бывалі выпадкі, калі паняты -- супрацоўнік міліцыі - дапамагаў у падлогу пад час следчых дзеянняў. Таксама трэба памятаць, асабліва пад час
     вобыскаў, аглядаў ці вымання, што панятыя павінны добра бачыць усе дзеянні, якія праводзяць следчыя. Недапушчальна, каб пры вобыску ў доме, дзе шмат пакояў, следчыя дзеянні праводзіліся ва ўсіх пакоях, а панятыя знаходзіліся толькі ў адным і не бачылі, што адбываецца ў іншых пакоях.
     
     Таксама трэба добра памятаць, што любыя доказы, якія здабытыя з парушэннямі заканадаўства, не могуць разглядацца як законныя і не маюць юрыдычнай сілы (арт. 105 ч.5 КПК Рэспублікі Беларусь). Колькасць панятых пад час следчых дзеянняў павінна быць не менш за дзве асобы.
     
     Далей мы паспрабуем разгледзець некаторыя з асноўных следчых дзеянняў, якія найчасцей і складаюць аснову абвінавачання.

Допыт

     З'яўляецца самым распаўсюджаным следчым дзеяннем. Няма ніводнай крымінальнай справы, якая была б завершаная без правядзення допытаў. У дадзенай частцы гэтага раздзела мы разгледзім асаблівасці допытаў падазраванага і абвінавачванага.
     
     У выпадку затрымання падазраванага ці прад'яўлення абвінавачання допыт з'яўляецца абавязковым следчым дзеяннем. Існуюць агульныя правілы допыту, якія тычацца не толькі падазраваных і абвінавачваных, але і пацярпелых, і сведкаў.
     
     1. Допыт адбываецца па месцы знаходжання следчага, а ў некаторых выпадках можа адбывацца па месцы знаходжання дапытванага (напрыклад, у шпіталі, у месцы ўтрымання арыштаванай асобы).
     2. Допыт не можа цягнуцца больш за 4 гадзіны. Пасля 4 гадзін допыта павінен быць аднагадзінны перапынак для адпачынку. Допыт на працягу дня не можа сумарна перавышаць 8 гадзінаў. Допыт непаўнагадовых не можа працягвацца без перапынку больш за 2 гадзіны, а сумарна за дзень - больш 4 гадзінаў.
     3. На допыт непаўнагадовыя выклікаюцца праз сваіх бацькоў ці законных прадстаўнікоў.
     4. У мэтах дасягнення аб'ектыўнасці паказанняў выкліканыя на допыт па адной крымінальнай справе асобы дапытваюцца паасобку і ў адсутнасць адзін аднога.
     5. Па рашэнні следчага можа быць пры допыце ўжытая аўдыё- і відэаапаратура. Аб прымяненні апаратуры дапытваны папярэджваецца да пачатку допыта. Дадзены запіс павінен адлюстроўваць увесь ход допыта.
     6. Допыт непаўнагадовага падазраванага ці абвінавачванага заўсёды праводзіцца ў прысутнасці выкладчыка ці псіхолага.
     7. Пратакол афармляецца пісьмова на лісце ці на адмысловым бланку, у якім запаўняюцца адпаведныя графы.
     
     Болып падрабязна правілы паводзінаў пад час допыту мы разглядалі ў раздзеле "Правы і абавязкі сведкаў і пацярпелага ў крымінальным працэсе". Гэтыя правілы ў роўнай ступені тычацца падазраванага і абвінавачванага. Але падазраваны і абвінавачваны могуць адмовіцца ад дачы паказанняў. Гэта асноўнае адрозненне ад сведкаў ці пацярпелага. Падазраваны і абвінавачваны не нясуць адказнасці за дачу ілжывых паказанняў ці адмову ў дачы паказанняў.

Хадайніцтва

     Удзельнікі крымінальнага працэсу маюць права пад час следства заяўляць розныя хадайніцтвы, якія маюць дачыненне да справы і забяспечваюць правы і законныя інтарэсы падазраванага і абвінавачванага. Правам заяўляць хадайніцтвы неабходна карыстацца як мага часцей.
     
     Хадайніцтва - зварот падазраванага ці абвінавачванага (іншых удзельнікаў працэса) да следчага з патрабаваннем правядзення якіх-небудзь следчых ці іншых працэсуальных дзеянняў ці прыняцця рашэнняў.
     
     Хадайніцтвы могуць быць як вуснымі, так і пісьмовымі. Вусныя хадайніцтвы павінныя абавязкова быць занесеныя ў пратакол, а пісьмовыя далучаныя да матэрыялаў справы. Пажадана хадайніцтвы рабіць пісьмовымі, тады ў судзе ў Вас будзе магчымасць паставіць пад сумненне законнасць здабытых супраць Вас доказаў.
     
     Следчы абавязаны разгледзець усе хадайніцтвы і даць здавальняючы адказ, калі Вашыя патрабаванні маюць значэнне да справы. Вы таксама можаце падаваць хадайніцтвы з патрабаваннем замены Вам меры стрымання ці змены ўмоваў утрымання па вартай, калі па стане свайго здароўя Вы не можаце знаходзіцца ў такіх умовах, якія наносяць шкоду Вашаму здароўю.
     
     Хадайніцтва павінна быць разгледжана ў трохдзённы тэрмін з моманту заявы. Аб выніках разгляду хадайніцтва паведамляецца той асобе, якая заявіла хадайніцтва. У выпадку адмовы ў задавальненні хадайніцтва следчы абавязаны падрыхтаваць матываваную пастанову, якая павінна быць даведзеная да хадайніка.
     
     3 хадайніцтвамі ад імя падазраванага ці абвінавачванага, як і іншых удзельнікаў працэса, могуць звяртацца іх абаронцы ці законныя прадстаўнікі.

Агляд

     Агляд - непасрэдны агляд мясцовасці, жылля, прадметаў і ішпых аб'ектаў у мэтах знаходжання слядоў злачынства, высвятлення абставінаў злачынства, іншых абставінаў, якія маюць значэнне для справы.
     Падставай для правядзення агляду з'яўляецца наяўнасць дастатковых дадзеных, якія даюць права меркаваць, што могуць быць знойдзены сляды злачынства, іншыя аб'екты ці абставіны справы, якія маюць значэнне. Да ўдзелу ў аглядзе следчы мае права запрасіць падазраванага ці абвінавачванага, як і іншых удзельнікаў працэса.
     
     Агляд памяшкання праводзіцца толькі з дазволу ўласніка ці іншых паўнагадовых асобаў. Пры адсутнасці такой згоды ён можа быць праведзены па пастанове следчага з санкцыі пракурора ці яго намесніка. Без санкцыі пракурора такі агляд немагчымы. У выпадках, калі следчы лічыць, што агляд павінен быць праведзены неадкладна, ён можа быць праведзены па пастанове следчага і без санкцыі пракурора, але ў тэрмін 24 гадзінаў такая санкцыя павінна быць атрыманая. Агляд лічыцца неадкладным:
     1. Калі памяшканне можа з'яўляцца месцам здзяйснення злачынства;
     2. Калі маюцца падставы меркаваць, што ў памяшканні знаходзіцца прадмет, якім было здзейснена злачынства, ці іншыя прадметы.
     
     Пры аглядзе памяшкання абавязкова павінны прысутнічаць панятыя.
     
     Таксама не трэба блытаць агляд з вобыскам ці выманнем. Пры аглядзе памяшкання павінны проста аглядацца ўсе пакоі. Праверка рэчаў, шафаў ці іншых прадметаў мэблі, якія знаходзяцца ў памяшканні, пры аглядзе недапушчальная.
     
     У выпадку, калі аглядаецца памяшканне, якое з'яўляецца офісам ці іншым памяшканнем, у якім зарэгістраваная юрыдычная асоба, агляд можа быць праведзены і без санкцыі пракурора.

Вобыск

     Вобыск - следчае дзеянне, якое ўключае ў сябе прымусовы пошук і выманне прадметаў, якімі здзейснена злачынства, прадметаў, дакументаў і каштоўнасцяў, якія маюць значэнне для даказвання злачынстваў, а таксама асобаў, якія хаваюцца ад крымінальнага пераследу. Таксама вобыск можа праводзіцца для накладання арышту на маёмасць, якая згодна з прысудам суда можа быць канфіскаваная.
     
     Такім чынам, вобыск уключае ў сябе працэс пошука, вымання ці накладання арышту на маёмасць.
     
     Вобыск, як і агляд, павінен праводзіцца ў прысутнасці панятых і толькі пры наяўнасці пастановы пракурора ці яго намесніка. У выпадках, калі неабходна тэрмінова правесці вобыск, ён можа быць праведзены без санкцыі пракурора. У такім выпадку санкцыя мусіць быць атрыманая на працягу 24 гадзінаў.
     
     Пры правядзенні вобыска жылога памяшкання павінен прысутнічаць яго ўласнік ці паўнагадовыя жыхары. У выпадку адсутнасці такіх асобаў павінен прысутнічаць прадстаўнік ЖЭС ці мясцовай улады.
     
     У выпадку вобыска ў памяшканні арганізацыі павінны прысутні чаць прадстаўнікі арганізацыі. Ва ўсіх выпадках прысутнасць панятых абавязковая.
     
     Пачынаючы вобыск, следчы павінен прадставіць пастанову аб яго правядзенні і прапанаваць дабраахвотна выдаць рэчы, якія маюць дачыненне да справы. Калі такія рэчы выдадзеныя, то следчы не мае права далей праводзіць вобыск.
     
     У час вобыска могуць быць узламаныя зачыненыя памяшканні, калі ўласнік адмаўляецца дабраахвотна іх адчыніць.
     
     Следчыя маюць права вымаць толькі тыя прадметы, якія наўпрост тычацца справы. Тыя прадметы, якія забароненыя для карыстання, павінны быць забраныя незалежна ад крымінальнай справы (зброя, наркотыкі, радыяцыйныя рэчывы і інш.). Увесь працэс вобыска абавязкова адлюстроўваецца ў пратаколе. Копія пратакола вобыска выдаецца пад роспіс асобе, у якой ён быў праведзены, ці паўнагадоваму члену яго сям'і, а ў выпадку іх адсутнасці - прадстаўніку ЖЭС ці мясцовай улады.
     
     Сачыце, каб следчыя не заставаліся без Вашага нагляду і нагляду панятых. Панятыя павінны бачыць усе дзеянні следчых. Пад час вобыска следчыя маюць права праглядаць усе рэчы, якія зна-ходзяцца ў памяшканні.
     
     Асабісты вобыск -- следчыя дзеянні, якія праводзяцца з мэтай знаходжання і вымання на целе чалавека, у ягонай вопратцы, ручной паклажы прадметаў, якімі здзейсненае злачынства, дакументаў і каштоўнасцяў, якія маюць значэнне для справы.
     
     Асабісты вобыск можа праводзіцца толькі ў дачыненні да падазраванага і абвінавачванага. Дадзены від вобыска праводзіцца па агульных правілах, якія апісаныя вышэй. Але заканадаўства прадугледжвае выпадкі, калі асабісты вобыск праводзіцца без пастановы следчага, санкцыі пракурора і наяўнасці панятых:
     1. Калі ён праводзіцца пры затрыманні асобы;
     2. Пры ўзяцці затрыманай асобы пад варту;
     3. Калі ёсць дакладныя падставы меркаваць, што асоба, якая знаходзіцца ў памяшканні, дзе праводзіцца вобыск, хавае пры сабе прад-меты, якія маюць дачыненне да справы.

Выманне

     Выманне - следчае дзеянне, якое заключаецца ў выманні прадметаў і дакументаў, якія маюць дачыненне да крымінальнай справы, і загадзя вядомае іх месца знаходжання.
     
     Выманне адрозніваецца ад вобыска па наступных пазіцыях:
     1. Выманне не суправаджаецца пошукам прадметаў, паколькі вядомыя месца і асоба, у якой яны знаходзяцца;
     2. Калі падставай для вобыска з'яўляецца меркаванне, што ў памяшканні знаходзяцца аб'екты пошуку, то для вымання неабходная дакладная інфармацыя аб знаходжанні аб'екта, які мае дачыненне да справы;
     3. Санкцыя пракурора ці яго намесніка неабходная толькі ў наступных выпадках:
     - калі выманне адбываецца ў жыллі супраць жадання ўласніка ці паўнагадовых асобаў, якія там пражываюць, акрамя выпадкаў, калі немагчыма адкласці такое выманне;
     - калі вымаюцца дакументы, якія ўтрымліваюць дзяржаўную таямніцу;
     4. Калі пры правядзенні вобыску ўдзел панятых абавязковы, то пры правядзенні вымання яны прысутнічаюць толькі ў выпадках, калі яно праводзіцца ў жылым памяшканні;
     5. Пры правядзенні вымання следчы прапануе выдаць прадметы і дакументы, а ў выпадку адмовы праводзіць выманне прымусова;
     6. Адміністрацыя арганізацыі мае права ў прысутнасці следчага, які праводзіць выманне, вырабіць копіі дакумантаў, якія вымаюцца, і іншых носбітаў інфармацыі. Пра выраб копіяў і іх адпаведнасці арыгіналам праводзіцца адзнака ў пратаколе вымання.
     Далей мы разгледзім асаблівасці правоў і абавязкаў падазраванага і абвінавачванага.

Падазраваны

     Падазраваным з'яўляецца фізічная асоба, якая затрыманая па падозранні ў здзяйсненні злачынства.
     
     Следчыя органы не маюць права затрымліваць падазраванага больш чым на 72 гадзіны без ўжывання мераў стрымання, а асобы, да якіх ужытыя такія меры стрымання, не могуць знаходзіцца ў якасці падазраванага больш 10 сутак з моманту абвяшчэння пастановы пра ўжыванне меры стрымання.
     
     Асоба перастае быць падазраванай з моманту вынясення пастановы аб прыцягенні яе ў якасці абвінавачванага ці аб спыненні крымінальнай справы.
     
     1. Правы падазраванага:
     - Мае права на абарону. У якасці абаронцы можа выступаць адвакат, а па асобным хадайніцтве - законны прадстаўнік (блізкія сваякі). Гэта вельмі важнае права падазраванага. Следчыя органы вельмі часта выкарыстоўваюць такі прыём: прапануюць Вам падпісаць заяву, што адвакат прыцягваецца да аброны толькі з моманту прад'яўлення абвінавачання. Гэта дае магчымасць следчым органам на працягу 10 дзён праводзіць следчыя дзеянні, а Вы не будзеце абароненыя адвакатам. Таму неабходна адразу, з моманту прад'яўлення пастановы аб прыцягненні ў якасці падазраванага, патрабаваць прадстаўлення адваката.
     - Мае права ведаць, у чым ён падазраецца і атрымаць копію пастановы аб узбуджэнні супраць яго крымінальнай справы ці прыцягненні ў якасці падазраванага.
     - 3 моманту затрымання ці прад'яўлення пастановы аб прыцягненні ў якасці падазраванага атрымаць паведамленне пра свае правы.
     - Адразу атрымаць копію пастановы пра прыцягненне ў якасці падазраванага, копію пастановы пра узбуджэнне крымінальнай справы, копію пастановы пра ужыванне меры стрымання, калі яна ўжытая.
     - Паведаміць праз следчага членам сям'і пра месца свайго знаходжання. Для гэтага неабходна звярнуцца да следчага з патрабаваннем, каб ён паведаміў пра месца Вашага знаходжання.
     - Бесперашкодна з моманту затрымання карыстацца дапамогай адваката, а ў выпадку затрымання ці ўзяцця пад варту да першага допыта атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю адваката.
     - Даваць паказанні ці адмаўляцца ад дачы паказанняў.
     - Прадстаўляць доказы сваёй невінаватасці.
     - Заяўляць адводы следчым і хадайніцтвы.
     - Карыстацца роднай мовай і паслугамі перакладчыка.
     - Пярэчыць супраць дзеянняў следчых органаў і патрабаваць занясення пярэчанняў у пратакол следчага дзеяння.
     - Знаёміцца з пратаколамі ўсіх следчых дзеянняў і патрабаваць унясення ў іх заўваг па сутнасці справы.
     - Падаваць скаргі на дзеянні следчых органаў.
     - Абскарджваць у суд затрыманне, узяцце пад варту, хатні арышт і прымусовае накіраванне на псіхіятрычную экспертызу.
     - Атрымліваць кампенсацыю пашкоджання, якое нанесена незаконнымі дзеяннямі службовых асоб.
     
     2. Абавязкі падазраванага.
     - З'яўляцца па выкліках у следчыя органы.
     - Падпарадкоўвацца законным патрабаванням следчых органаў.
     - Удзельнічаць у следчых дзеяннях.

Абвінавачваны

     Абвінавачваны з'яўляецца ў крымінальным працэсе шляхам вынясення следчым матываванай пастановы пра прыцягненне ў якасці абвінавачванага. Адначасова абвінавачванаму павінны быць растлумачаныя ўсе яго правы. Таксама павінен быць запрошаны абаронца, калі гэтага патрабуе абвінавачваны. Прад'яўленне абвінавачання непаўнагадоваму магчыма толькі ў прысутнасці абаронцы, а таксама паведамляецца яго законнаму прадстаўніку. 3 моманту прад'яўлення абвінавачання законныя прадстаўнікі маюць права прысутнічаць пры ўсіх следчых дзеяннях. Абвінавачваны мае права атрымаць у пісьмовым выглядзе пералік усіх сваіх правоў.
     
     Допыт абвінавачванага з'яўляецца адзіным сродкам доказу невінаватасці. Абвінавачванаму трэба добра ўзважваць кожнае слова і дакладна ведаць, што ён мае права маўчаць і ўвогуле не даваць паказанняў. Абавязак даказвання віны ляжыць толькі на следчых органах. Беларускае заканадаўства ўказвае, што ўсе спрэчныя моманты пад час следчых дзеянняў і судовага разбіральніцтва трактуюцца на карысць абвінавачванага.
     
     Пад час допыта абвінавачваны мае права заяўляць хадайніцтвы, прыводзіць доказы сваёй невінаватасці і тлумачыць усё, што, на яго думку, датычыць справы.
     
     Абаронца таксама можа задаваць пытанні абвінавачванаму.
     
     Паказанні абвінавачванага заносяцца ў пратакол. Гэтыя паказанні павінны заносіцца як мага больш дакладна. Абвінавачваны і абаронца маюць права патрабаваць уносці дадаткі і змены ў пратакол. Такія дадаткі і змены павінныя быць абавязкова занесены ў пратакол.
     
     Правы і абавязкі абвінавачванага.
     Абвінавачваны мае тыя ж самыя правы, што і падазраваны. Акрамя таго, пасля сканчэння следства можа знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы і выпісваць з яе любую інфармацыю, а з дазволу следчага капіраваць яе.
     
     Ведайце, што ніхто не можа лічыцца вінаватым да моманту ўступлення ў законную сілу рашэння суда.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства