5 кастрычніка ў Барысаве супрацоўнікі ГУУС учынілі ператрус ў гаражы Юрыя Шапчыца, даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Віктара Гарбачова (78-ая Барысаўская акруга).
“Два чалавекі ў цывільным сказалі мне, што ў гаражным кааператыве ў апошні час зьдзясьняецца шмат кражаў і на гэтым падставах прапанавалі адчыніць гараж для агляду, - гаворыць Юры Шапчыц. - Я папрасіў прадставіцца і паказаць ордэр на вобыск. Адзін з іх прад’явіў пасьведчаньне на імя ст. лейтэнанта Віталя Бялоўскага. Ордэра на вобыск ў іх не было. Нягледячы на гэта, яны зайшлі ў гараж і агледзелі яго. Іх увагу прыцягнуў пачак газет “Неделя”. Яны патрабавалі дакументы на выданьне. Я паказаў”. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі сьцьвярджалі, што іх дзеяньні не маюць ніякага дачыненьня да палітыкі. Але сам Юры Шапчыц зьвязвае гэты інцыдэнт менавіта з перадвыбарчай кампаніяй Віктара Гарбачова, які балатуецца разам з кандыдатам ад улады Леанідам Козікам па 78-ая Барысаўскай акрузе.