Наваполацак: акцыя пратэсту ў Дзень Незалежнасьці
У Наваполацку ўчора адбыўся чарговы пікет пратэсту супраць ліквідацыі льготаў сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзянаў. Такія акцыі ладзяцца ў гэтым горадзе штодня ад 27 чэрвеня.
Як і мінулымі днямі, удзельнікі пікету зьбіралі подпісы пад патрабаваньнем захаваць ільготы пэнсіянэрам, донарам і чарнобыльцам, а таксама пад адозваю з патрабаваньнем адклікаць з Палаты прадстаўнікоў дэпутата ад Наваполацку, які прагаласаваў за скасаваньне льготаў. Паводле аднаго з арганізатараў акцыі Валера Шаўчэнкі, на сёньняшні дзень пад згаданымі адозвамі падпісаліся ўжо некалькі сотняў навапалачанаў.
На пікеце распаўсюджваўся таксама адмысловы бюлетэнь, прысьвечаны гаротнаму стану многіх наваполацкіх пэнсіянэраў і лісток з рэквізытамі дзяржаўных чыноўнікаў, на адрас якіх можна выслаць пратэст супраць ліквідацыі льготаў.
Месячнік грамадзянскага пратэсту дазволены мясцовымі ўладамі і працягнецца да 27 ліпеня.