Сёння - суд па зыску Юрыя Алейніка да Акадэміі кіравання
4 ліпеня ў 14.00 суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска пачне разгляд зыску сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Юрыя Алейніка – былога студэнта Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ, адлічанага ў траўні г.г.
Студэнт-выдатнік 4-га курса факультэта эканомікі Юрый Алейнік быў адлічаны ў сярэдзіне траўня нібыта за “парушэнні вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку”: адміністрацыя навучальнай установы сцвярджае, што ў красавіку ў Ю. Алейніка “назбірался” 22 гадзіны прагулаў. Аднак сам Юрый лічыць, што сапраўднай прычынай сталася яго актыўная грамадзянская пазіцыя: сяброўства ў БАЖ, старшынёўства ў ТБМ, збор подпісаў супраць закону аб скасаванні ільготаў, удзел у палітычных акцыях (“Чарнобыльскі Шлях” і інш.)
4 чэрвеня адлічаны студэнт падаў зыскавую заяву ў суд Кастрычніцкага раёна на сваю навучальную ўстанову. Ён сцвярджае, што парушаныя яго канстытуцыйныя правы, і яго дыскрымінуюць па палітычных матывах.
Папярэднія гутаркі бакоў у судзе, што адбыліся ў канцы чэрвеня, не змянілі іх пазіцыі: юрыст Акадэміі заявіў, што аднаўляць студэнта яны не збіраюцца і рыхтуюцца да суда.