Палітвязень Артур Фінькевіч застаецца на «хіміі»
Дэпартамэнт па выканьні пакараньняў не задаволіў скаргі Артура Фінькевіча на адмову ў яго ўмоўна-дэтарміновым вызваленьні. Сваю пастанову дэпартамэнт матываваў нібыта кепскімі паводзінамі Фінькевіча.
У тэлефоннай гутарцы Артур Фінькевіч паведаміў “Радыё Свабода”, што скаргу напісаў ягоны адвакат Аляксандар Галіеў. У лісьце, атрыманым з дэпартамэнту, гаворыцца, што Фінькевічаву скаргу накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта.
4 чэрвеня Артуру Фінькевічу адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.
У траўні 2006 году актывіста арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі за графіці палітычнага зьместу. Ад 29 чэрвеня 2006 году ён адбывае пакараньне ў магілёўскай спэцкамэндатуры. Сёлетнім сьнежнем палітвязень мае выйсьці на волю.