Беларусь у чарговы раз не выканала рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН
Віцебскі праваабаронца і грамадзкі актывіст Леанід Сьвецік атрымаў ліст з Камітэту па правам чалавека ААН (КПЧ, далей у тэксце – Камітэт), у якім зазначана, што ў сакавіку 2007 году падчас правядзеньня 89 сесіі Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў адказ з боку беларускай дзяржавы па справе 927/2000 Леаніда Сьвеціка і зрабіў высновы, што Беларусь праігнаравала рашэньне Камітэту па правах чалавека, прынятае ў 2004 годзе на 81 сесіі.
Справа тычылася падзеяў 1999 году, калі Леанід Сьвецік быў пакараны Крычаўскім раённым судом (судзьдзя Окань В.І.) штрафам за публічны заклік да байкатаваньня мясцовых выбараў, апублікаваны ў газеце “Народная воля” за 24.03.99 г. Пры гэтым падчас судовага разгляду на сп. Сьвеціка аказваўся псіхалагічны ціск. Абласны і Вярхоўны суды падцьвердзілі пастанову Крычаўскага раённага суду, і адмовілі праваабаронцу ў адмене вынесенага пакараньня, а Канстытуцыйны суд адказаў, што гэтае пытаньне знаходзіцца за межамі ягонай кампетэнцыі.
Камісія па правам чалавека ААН, куды зьвярнуўся Леанід Сьвецік 2 студзеня 2001 году, разгледзела зварот ў сьвятле інфармацыі, прадстаўленай двума бакамі, і вынесла абсалютна супрацьлеглае рашэньне: факты сьведчаць пра парушэньне арт. 19 § 2 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Камісія прыйшла да высновы, што запалохваньне і прымусу ў закліку да выбарўчыкаў не было, а быў заклік да байкатаваньня выбараў. А паколькі ў беларусі галасаваньне не зьяўляецца абавязковым, то падпісаная аўтарам дэкларацыя не пазбаўляла выбаршчыкаў магчымасьці свабодна вырашаць, ці ўдзельнічаць ім ў выбарах. У сувязі з гэтым, Камітэт лічыць, што былі парушаныя правы аўтара, таму рэкамендаваў боку дзяржавы аказаць эфектыўную кампенсацыю Леаніду Сьвеціку.
Нягледзячы на тое, што беларуская дзяржава не выканала рашэньне міжнароднага органа, Камітэт па правам чалавека ААН лічыць, што дыялог з Беларусьсю па справе праваабаронцы Сьвеціка будзе працягнуты.