Спэцкамэндатура ўзмацняе ціск на Артура Фінькевіча
https://spring96.org./be/news/17496
2007
2007-07-11T09:53:18+0300
2007-07-11T09:53:18+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
Начальнік Магілёўскай спэцкамэндатуры падпалкоўнік Аляксандар Ламаза нагадаў Артуру Фінькевічу пра тое, што на яго як злоснага парушальніка рэжыму могуць завесьці крымінальную справу і зьмяніць месца адбываньня пакараньня.
Паводле палітвязьня, начальнік спэцкамэндатуры папярэдзіў яго пасьля спатканьня зь Людмілай Гразновай і публікацыяй пра ягоны побыт на “хіміі” ў газэце “Свободные новости плюс”. У публікацыі між іншым згадвалася пра Фінькевічаву грамадзкую дзейнасьць, якой займаецца палітвязень, знаходзячыся на “хіміі”.
Артур Фінькевіч зазначае, што кіраўніцтва спэцкамэндатуры шукае падставаў, каб адправіць яго "на зону". Гэтым разам паспрабавала выкарыстаць публікацыю ў “Свободных новостях плюс”. У спэцкамэндатуры грамадзкую дзейнасьць на “хіміі” лічаць парушэньнем рэжыму.
4 чэрвеня Артуру Фінькевічу адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.
У траўні 2006 году актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі за графіці палітычнага зьместу. Ад 29 чэрвеня 2006 году ён адбывае пакараньне ў магілёўскай спэцкамэндатуры. Сёлета ў сьнежні палітвязень мае выйсьці на волю.