У псіхдыспансэры Грышчэню пераконвалі ў марнасьці яго дзейнасьці
Сёньня баранавіцкі моладзевы актывіст Яраслаў Грышчэня праходзіў псыханэўралягічную экспэртызу ў мясцовым дыспансэры.
Яраслава прывялі ў асобны пакой, дзе знаходзіліся два псіхіятары (прынамсі, так яны адрэкамэндаваліся), а таксама сьледчая Юлія Аскальдовіч, адваката не пусьцілі.
Хлопца пасадзілі на крэсла пасярод кабінэту і пачалі задаваць розныя пытаньні, што тычаць ягонай біяграфіі, бацькоў, апазыцыйнай дзейнасьці. Пыталіся, ці ня лічыць ён сваю дзейнасьць бессэнсоўнай, а таксама, чаго дабіўся ў сваім жыцьці і кім ён ёсьць цяпер. Пасьля хлопца пачалі пераконваць, што ўся ягонае дзейнасьць — гэта глупства.
Яраслаў кажа, што экспэртыза для яго скончылася станоўча, дактары прызналі, што ён псіхічна здаровы.
Нагадаем, што ў дачыненьні да Яраслава Грышчэні заведзена крымінальная справа па артыкуле 193 КК «Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». У гэты панядзелак сьледчая Аскальдовіч падоўжыла расьсьледаваньне справы яшчэ на два месяцы.