Рабочыя пагражаюць выйсці на вуліцу
Рабочыя ААТ "Менскі падшыпнікавы завод" звярнуліся з калектыўным лістом у Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю з просьбай правесці праверку на прадпрыемстве і гатовыя выйсці на вуліцу, каб абараніць свае правы.
Працоўныя ў сваім звароце выказваюць занепакоенасьць фінансавым і эканамічным станам прадпрыемства і абвінавачваюць кіраўніцтва завода ў непрафесійным кіраваньні і нерацыянальным выкарыстоўваньні сродкаў. Так, у лісце яны паведамляюць, што дырэкцыя прадпрыемства набыла аўтамабіль прадстаўніцкага класа, паставіла новае абсталяваннье на прахадной і набыла спецыяльную форму для ахоўнікаў. У той самы час будынкі цэхаў настолькі зношаныя, што падчас дажджоў працоўныя майструюць пакрыцьці з плёнкі над станкамі. У лісце прыводзяцца факты, калі адміністрацыя не забяспечыла працаўнікоў дапаможнымі вытворчымі матэрыяламі, спецвопраткай, спецабуткам, спецхарчаваньнем, прыладай. Працаўнікі скардзяцца на нізкую заработную плату на фоне росту персанальных надбавак кіраўнікам. Пра гэта БелаПАН паведамілі на заводзе.
Працоўныя прадпрыемства заяўляюць, што, калі неўзабаве сітуацыя не зменіцца, яны ў знак пратэсту выйдуць на вуліцы горада або перакрыюць рух на адной з вуліц сталіцы, як гэта раней зрабілі працоўныя Менскага мотавелазавода.
Нагадаем, былое кіраўніцтва Менскага падшыпнікавага завода было арыштаванае і прысуджанае судом да пазбаўленьня свабоды. Прысудам суду Завадскога раёна сталіцы 14 сакавіка 2006 года гендырэктар прадпрыемства быў асуджаны па ч. 3 арт. 424 (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 240 (наўмыснае банкруцтва) КК РБ на шэсць гадоў пазбаўленьня свабоды; дырэктар па маркетынгу і начальнік фінансавага аддзела — па ч. 3 арт. 424 і арт. 240 КК на тры гады шэсць месяцаў турмы; намесніка дырэктара па эканамічных пытаньнях – па ч. 3 арт. 425 (бяздзейнасць службовай асобы) на тры гады шэсць месяцаў абмежаваньня свабоды. Таксама ў канцы студзеня 2006 года быў арыштаваны за хабарніцтва намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы.