Як святкавалі ўгодкі Грунвальдскай бітвы ў Гародні
Каля 40 чалавек, пераважна моладзь, сабраліся надвячоркам 15 ліпеня ў Гародні, каб адзначыць чарговыя ўгодкі Грунвальдскай бітвы.
Па традыцыі мінулых гадоў гэта адбылося ля сцен старажытнай Каложскай царквы каля памятнага знаку “Пагоня на Грунвальд”. Спярша моладзь пасадзіла вакол яго кветкі. Потым перад прысутнымі выступіў гарадзенскі гісторык і грамадскі актывіст Эдвард Дмухоўскі, які распавёў пра слаўную старонку айчыннай гісторыі і падкрэсліў сённяшнюю значнасць Грунвальдскай даты. Калі сярод моладзі залунаў бел-чырвона-белы сцяг, падышлі міліцыянты і папярэдзілі пра адміністрацыйную адказнасць за правядзенне акцыі. Усклаўшы кветкі, ўдзельнікі ўшанавання спакойна разышліся. Ад самага пачатку, каля дзвюх гадзін часу, за грамадскімі актывістамі пільна сачылі міліцыянты з кінакамерай і людзі ў цывільным.