viasna on patreon

Аляксандр Мілінкевіч патрабуе КДБ спыніць пераслед за іншадумства

2007 2007-07-16T13:26:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/milinkevitsh.jpg
Аляксандр Мілінкевіч

Аляксандр Мілінкевіч

Лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч накіраваў зварот да старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі РБ С.Сухарэнкі і старшыняў абласных упраўленняў КДБ з патрабаваннем спыніць пераслед за іншадумства студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой па праграмах для рэспрэсаванай моладзі.

“У апошні час з боку супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі пашырылася практыка пераследу і ціску на навучэнцаў праграмы імя К. Каліноўскага. Супрацоўнікі камітэту запрашаюць студэнтаў-каліноўцаў на размовы на прыватных кватэрах, сустракаюць іх на чыгуначных вакзалах, калі стыпендыяты праграмы вяртаюцца ў Беларусь на вакацыі, наведваюць студэнтаў і іх бацькоў на ўласных кватэрах і па месцу працы. Нярэдка супрацоўнікі камітэта спрабуюць схіліць удзельнікаў праграмы імя К.Каліноўскага да так званага «супрацоўніцтва»”, - гаворыцца ў заяве лідэра дэмакратычных сіл.

Аляксандр Мілінкевіч звяртае ўвагу на тое, паводле наяўных у яго каманды шматлікіх фактаў, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі падчас кантактаў з навучэнцамі праграмы імя К. Каліноўскага неаднаразова выкарыстоўвалі ў сваёй працы метады, якія парушаюць пералічаныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

“Інфармацыя пра факты ціску на моладзь – удзельнікаў праграмы К.Каліноўскага з боку Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а таксама пра асобы датычныя да гэтага, з’яўляецца прадметам пільнай увагі з боку грамадзянскай супольнасці. Усім гэтым фактам будзе надавацца грамадская і міжнародная агалоска”, - падкрэсліваецца ў звароце лаўрэата прэміі Еўрапейскага Парламенту імя Андрэя Сахарава “За Свабоду думкі”

Аляксандр Мілінкевіч заклікае супрацоўнікаў КДБ у будучым устрымацца ад практыкі палітычна матываванага пераследу грамадскіх актывістаў і спыніць ціск, запужванне і спробы вярбоўкі ў дачыненні да студэнтаў-стыпендыятаў праграмы імя К.Каліноўскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства