За што звольнілі з універсітэта маладога журналіста
Сяргей Падсасонны некалькі год працаваў у Гомельскім дзяржаўным унівэрсітэце імя Скарыны на кафедры рускай і сусветнай літаратуры. Кантракт у яго скончыўся ў ліпені, а новае кіраўніцтва навучальнай установы новы заключаць не стала.
Ніхто не патлумачыў маладому супрацоўніку прычынаў гэтага. Але фармальна заканадаўства не парушана.
Сяргей Падсасонны звязвае звальненне са сваёй дзейнасцю ў якасці незалежнага журналіста. Маладзён актыўна супрацоўнічаў з парталам Gomelsapience.com. На гэтай інтэрнэт-старонцы амаль няма палітыкі, аднак гэта непадкантрольны ўладзе інфармацыйны рэсурс. Апрача таго, Падсасонны наведваў адукацыйныя мерапрыемствы для журналістаў, у тым ліку за мяжой.
Звольніць маладзёна спрабавалі яшчэ год таму, аднак за яго ўступіліся студэнты. Тады спадара Падсасоннага перавялі на паўстаўкі.
Летась увосень у маладога чалавека адбыліся нефармальныя гутаркі як з кіраўніцтвам унівэрсітэта, так і з “людзьмі ў цывільным”. Сяргею Падсасоннаму празрыста намякалі, што ягоныя праблемы могуць знікнуць, калі ён пачне супрацоўнічаць з чэкістамі і стане іхнім інфарматарам. Аднак малады журналіст адмовіўся ад гэтай прапановы.