Віцебскія кэдэбоўцы апекуюць скауцкага актывіста Аляксея Дазорцава
Супрацоўнікі УКДБ па Віцебскай вобласці напрацягу амаль паўгода спрабуюць наладзіць “даверлівыя адносіны” з мясцовым каардынатарам грамадскай арганізацыі “Хрысціянскае сяброўства дарослых і маладых”, актывістам скаутскага руху на Беларусі Аляксеем Дазорцавым.
Спецслужбоўцы неаднаразова прапаноўвалі Дазорцаву інфармаваць іх аб дзейнасьці гэтай арганізацыі, пры гэтым наведвалі яго на працоўным месцы, спрабавалі нават блякаваць інфармацыю на кампутары каардынатара. Гэтыя спробы завяршыліся тым, што Аляксей фактычна страціў месца працы ў Доме творчасці моладзі. Уладкаваўшыся затым ў камерцыйнай фірме, ён ізноў адчуў пільныя клопаты пра сябе з боку КДБ, якія праяўляліся ў перыядычных размовах па тэлефоне.
А літаральна ўчора, 18 ліпеня, Дазорцаву ізноў патэлефанавалі. Нехта Мікалай Серабракоў настойліва запрашаў тэрмінова сустрэцца. На пярэчаньне Аляксея, які прапанаваў выклікаць яго позвай, супрацоўнік КДБ заявіў, што гэта не крымінальная справа, і таму позвы ня будзе, а паразмаўляць неабходна. Сустрэча павінна адбыцца сёньня.
Як стала вядома ПЦ “Вясна”, нядаўна Дазорцаў выказаў намер працягнуць вучобу па праграме Каліноўскага. Магчыма, што гэтая інфармацыя стала вядомая мясцовым чэкістам, і яны актывізавалі свае спробы завербаваць актывіста.
Увогуле, па інфармацыі праваабаронцаў, КДБ і зараз працягвае актыўна выклікаць на размовы многіх студэнтаў, што навучаюцца па праграме Каліноўскага. Толькі за апошні тыдзень такія выпадкі зафіксаваны ў Менску, Баранавічах, Рэчыцы ды іншых мясьцінах. Справа ў тым, што са студэнтамі, якія зараз вярнуліся дадому на вакацыі, вельмі лёгка ўстанавіць кантакт і атрымаць шанц змусіць іх да супрацы.
У той час, калі супрацоўнікі гэтага сілавога ведамства самі павінны адмывацца ад усіх нядаўніх скандалаў, яны не пакідаюць спробаў або сабраць як мага болей інфармацыі пра студэнтаў-каліноўцаў, або дыскрэдытаваць іх любымі, нават супрацьзаконнымі сродкамі.
У той жа час за мяжой атрымліваюць адукацыю дзеткі некаторых відных беларусаў і дзяржаўных чыноўнікаў. Да іх супрацоўнікі КДБ чамусьці інтарэсу не праяўляюць